Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Удзельніка пратэстаў штодня выклікаюць у міліцыю


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Мянчук Анатоль Навумовіч, якога затрымлівалі ў ліпені на пратэставай акцыі, 17 верасьня пасьля працы мусіў прыйсьці ў райадзел міліцыі на гутарку аб крымінальна-працэсуальным праве. Цяпер амаль два месяцы кожны будны дзень прафіляктычныя сустрэчы для яго стануць абавязковыя.

«Гутарылі пры ўключанай камэры. Зь мяне судзімасьць яшчэ ня зьнятая. Да 4 лістапада я пад прафіляктычным наглядам, таму гутаркі законныя. Але калі раней на год было дзьве сустрэчы, то цяпер будзе штодня. Лічу, гэта зьвязана з пратэстамі, але наўпрост інспэктар так не казаў. Спасылаўся на тое, што законам колькасьць гутарак не абмежаваная», — расказаў Свабодзе Анатоль Навумовіч пасьля першай размовы.

Анатолю Навумовічу 32 гады, працуе на мэблевай вытворчасьці. Адбыў 4 гады пакараньня паводле «наркатычнага» 328-га артыкулу Крымінальнага кодэксу. Да выбараў адсядзеў 11 дзён за ўдзел у пратэстах 14 ліпеня, калі людзі абурыліся нерэгістрацыяй Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Цяпер праходзіць сьведкай у справе аб масавых беспарадках.

Ці бачыць былы вязень сэнс у штодзённых 2-гадзінных гутарках у міліцыі?

«Інспэктар пра гэта таксама запытаўся. Я адказаў, што пачуў пару новых для сябе юрыдычных момантаў, але ня думаю, што лекцыі будуць карысныя кожны дзень, ды і не ўяўляю, як можна прыдумаць столькі тэм. Плюс я ж такі не адзін, каго прымушаюць хадзіць на падобныя гутаркі. Відаць, начальству не шкада працоўнага часу падначаленых міліцыянтаў», — мяркуе Анатоль Навумовіч.

Паводле Анатоля Навумовіча, у міліцыі яго папярэдзілі, што калі да 4 лістапада ў яго будзе два правапарушэньні, якія прадугледжваюць адміністрацыйныя санкцыі, дык яго паставяць на прэвэнтыўны нагляд з абмежаваньнямі, як на хатняй хіміі. А парушэньні падчас прэвэнтыўнага нагляду могуць скончыцца судом і арыштным домам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG