Расея плянуе пазычыць Беларусі $1 млрд у 2020–2021 гадах і забясьпечыць, каб Менск атрымаў яшчэ $500 млн па лініі эўразійскага антыкрызіснага фонду. Пра гэта расказаў журналістам міністар фінансаў Расеі Антон Сілуанаў, якога цытуе РБК.
Расея плянуе выдаць Беларусі рублёвы міждзяржаўны крэдыт эквівалентам $500 млн сёлета і яшчэ адзін такі ж крэдыт у 2021 годзе. Акрамя гэтага, Расея ініцыюе выдачу Беларусі валютнага крэдыту на $500 млн праз Эўразійскі фонд стабілізацыі і разьвіцьця (ЭФСР) у бягучым годзе, паведаміў Сілуанаў.
Такім чынам, да канца 2020 году Беларусь мае атрымаць $1 млрд, і яшчэ $500 млн — у наступным годзе.
Раней на гэтым тыдні, прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін абвясьціў падчас візыту Аляксандра Лукашэнкі, што Расея дасьць Беларусі «ў гэты складаны момант дзяржаўны крэдыт $1,5 млрд». Цяпер Сілуанаў удакладніў, што непасрэдна расейскі ўрад пазычыць Менску агулам $1 млрд да канца наступнага году.
Канкрэтны тэрмін крэдытаў для Беларусі міністар не назваў, але «раней даўжыня крэдытаў у сярэднім складала дзесяць гадоў, і Расея будзе кіравацца гэтымі тэрмінамі».