У рамках кампаніі салідарнасьці #WeStandBYyou, якую ладзіць міжнародная арганізацыя Libereco — Партнэрства ў імя правоў чалавека — яшчэ трое дэпутатаў узялі апеку над палітвязьнямі ў Беларусі.
Айдан Ёзгуз (Бундэстаг, СДПГ) узяў шэфства над Таццянай Канеўскай — прадстаўніком кандыдата ў прэзыдэнты Святланы Ціханоўскай у Гомлі. Сяргей Лагадзінскі (Эўрапейскі парлямэнт, «зялёныя») заапекаваўся Максімам Знакам, а Клаўдыя Мюлер (Нямецкі Бундэстаг, «зялёныя») — актывістам анархісцкага руху Акіхірам Хаеўскім-Ханадам.
Эўрапейскія дэпутаты патрабуюць іх неадкладнага і безумоўнага вызваленьня.
Практыка браць шэфства над палітвязьнямі распаўсюджаная сярод эўрапейскіх дэпутатаў. Як правіла, яна зьдзяйсьняецца праз праваабарончую арганізацыю Libereco, якая змагаецца за правы чалавека ў Беларусі і ва Ўкраіне. Раней такое шэфства ўзялі над палітвязьнямі Віктарам Бабарыкам, Аляксандрам Арановічам, Аляксандрам Францкевічам, Вяргіліем Ушаком, Ігарам Лосікам ды іншымі.