Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дэпутаты зь Літвы, Нідэрляндаў і Швайцарыі сталі «хроснымі» яшчэ трох беларускіх палітвязьняў


У рамках кампаніі салідарнасьці #WeStandBYyou, арганізаванай праваабарончай арганізацыяй Libereco, яшчэ тры дэпутаты ўзялі апеку над палітвязьнямі ў Беларусі. Пэтрас Аўстравічус (Эўрапейскі парлямэнт, Літва), Тынэкэ Стрык (Эўрапейскі парлямэнт, Нідэрлянды) і Фабіян Моліна (Нацыянальная рада, Швайцарыя) патрабуюць неадкладнага і безумоўнага вызваленьня сваіх падапечных.

  • Віктар Бабарыка быў арыштаваны ў якасьці кандыдата ў прэзыдэнты 18 чэрвеня разам з сынам Эдуардам Бабарыкам, калі яны накіроўваліся ў Цэнтарвыбаркам. Паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу яму выставілі абвінавачаньне ва ўхіленьні ад выплаты падаткаў, адмываньні грошай, хабарніцтве і іншых фінансавых правапарушэньнях. Праваабарончыя арганізацыі лічаць гэтыя заявы сфабрыкаванымі. Віктар Бабарыка настойвае на сваёй поўнай невінаватасьці.

Дэпутат Эўрапарлямэнту і пастаянны дакладчык Эўрапарлямэнту аб Беларусі Пэтрас Аўстравічус узяў на сябе апеку, ці, як прынята называць, стаў «хросным» Віктара Бабарыкі. Ён заяўляе: «Віктар Бабарыка зьяўляецца палітычнай ахвярай дыктатуры Лукашэнкі. Яму не дазволілі рэалізаваць свае палітычныя правы і ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах. Замест гэтага ён быў незаконна зьняволены. Я заклікаю неадкладна і безумоўна вызваліць Віктара Бабарыку».

  • Аляксандар Арановіч зьяўляецца чальцом каманды YouTube-каналу «Краіна для жыцьця». Ён быў арыштаваны на выбарчай акцыі ў Горадні 29 траўня і абвінавачаны паводле артыкулу 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі («арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія сур’ёзна парушаюць грамадзкі парадак»).

Дэпутат Эўрапейскага парлямэнту Галяндыі Тынэкэ Стрык заявіла з нагоды прыняцьця статусу «хроснай» зьняволенага Аляксандра Арановіча: «Ніводнага чалавека нельга арыштоўваць з палітычных прычынаў. Вось чаму я прыняла апеку над Аляксандрам Арановічам і патрабую яго неадкладнага і безумоўнага вызваленьня, а таксама вызваленьня ўсіх палітвязьняў».

  • Аляксандар Францкевіч — актывіст анархісцкага руху, быў арыштаваны 13 жніўня падчас мірнай акцыі пратэсту. Яго абвінавацілі ў «арганізацыі масавых беспарадкаў» паводле артыкулу 293 Крымінальнага кодэксу Беларусі. Аляксандар Францкевіч заяўляў, што яго катавалі ў КДБ. Ён ужо сядзеў за кратамі як палітвязень тры гады (2010–2013), а затым быў некалькі разоў зьняволены за сваю дзейнасьць.

Швайцарскі палітык Фабіян Моліна стаў «хросным» Аляксандра Францкевіча. Ён заяўляе: «Імя Аляксандра Францкевіча азначае супраціў. Гэта супраціў дыктатуры ў Беларусі і барацьбе за свабоду, дэмакратыю, салідарнасьць і справядлівасьць» і патрабуе вызваленьня палітвязьня.

Практыка браць шэфства над палітвязьнямі распаўсюджаная сярод эўрапейскіх дэпутатаў. Як правіла, яна зьдзяйсьняецца праз праваабарончую арганізацыю Libereco, якая змагаецца за правы чалавека ў Беларусі і ва Ўкраіне. Раней такое шэфства ўзялі над палітвязьнямі Вяргіліем Ушаком, Ігарам Лосікам ды іншымі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG