Беларусь зафіксавала перакідку амэрыканскага бранятанкавага батальёну на палігон у Літве, за 15 км ад мяжы. Пра гэта паведаміў у эфіры тэлеканалу СТВ міністар абароны Віктар Хрэнін пасьля праведзенай у Менску нарады ў Аляксандра Лукашэнкі.
«Адбываецца перакідка на палігон Пабрадэ, за 15 кілямэтраў ад нашай дзяржаўнай мяжы, 2-га танкавага батальёну 69-га танкавага палку ЗША», — цытуе словы беларускага міністра БелТА.
Паводле яго слоў, гэта такое ж мерапрыемства, як было вясной сёлета.
«Але гэта нас таксама ня можа не турбаваць, што ў непасрэднай блізкасьці ад нашай мяжы будзе задзейнічана каля 500 чалавек, 29 танкаў, 43 баявыя машыны „Брэдлі“», — адзначыў Віктар Хрэнін.
«Таксама мы адзначаем узмоцненыя палёты авіяцыі NATO ўздоўж нашай дзяржаўнай мяжы і вядзеньне выведкі. Нас ня могуць не турбаваць палёты бамбавікоў Б-52 уздоўж нашай дзяржаўнай мяжы», — дадаў міністар абароны Беларусі.