Перад сваім адлётам у Польшчу для ўдзелу ў саміце Вышаградзкай чацьвёркі прэмʼер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш заявіў, што хоча ўнесьці сытуацыю ў Беларусі ў парадак дня Эўрапейскай рады.
«Я адкідаю абвінавачаньні, што нібыта наклаў вэта на сустрэчу зь беларускай апазыцыяй. Я сказаў, што гэта не было добрай ідэяй і што прэмʼер-міністры Вугоршчыны і Славаччыны прытрымліваюцца той жа думкі. Беларусь абвінавачвае нас у кібэрвайне, і сустрэча была б на руку Лукашэнку», – патлумачыў Бабіш.
«Мы хочам займацца гэтым на агульнаэўрапейскай аснове. Польскі бок выступіў з прапановай [запрашэньня Ціханоўскай на саміт. – РС] у апошнюю хвіліну, і мы былі вельмі зьдзіўленыя. Мы зьбіраемся на саміт, найперш каб уключыць гэты пункт у парадак дня Эўрапейскай рады, таму што цяпер яго там няма», – сказаў Бабіш.
Эўрапейская рада – найвышэйшы палітычны орган Эўразьвязу, які складаецца з кіраўнікоў дзяржаваў і ўрадаў краінаў Эўразьвязу.
Напярэдадні праз пазыцыю прэм’ер-міністра Чэхіі Андрэя Бабіша была адкінутая прапанова Польшчы запрасіць Сьвятлану Ціханоўскую на пятнічны саміт кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай Эўропы. Бабіш заявіў, што такі крок будзе «пасьпешлівым», пакуль ня выпрацавалі агульнаэўрапейскую пазыцыю.