Прэм’ер-міністар Чэхіі Андрэй Бабіш наклаў у чацьвер вэта на прапанову Польшчы запрасіць Сьвятлану Ціханоўскую на пятнічны саміт кіраўнікоў дзяржаў Цэнтральнай Эўропы, заявіўшы, што такі крок будзе «пасьпешлівым».
Бабіш неаднаразова выступаў за правядзеньне новых выбараў у Беларусі і заяўляў, што пратэсты супраць 26-гадовага кіраваньня Аляксандра Лукашэнкі маюць патрэбу ў падтрымцы.
Але ў камэнтары чэскаму інфармацыйнаму агенцтву Бабіш адхіліў польскую прапанову аб сустрэчы ў такім фармаце. Польшча старшынюе ў Вышаградзкай групе, у якую ўваходзяць таксама Вугоршчына і Славаччына. Усе чатыры краіны — чальцы Эўрапейскага Зьвязу.
«Я не хачу рабіць пасьпешлівага кроку, які ня будзе адпавядаць агульнаэўрапейскай пазыцыі, дасьць зброю беларускай прапагандзе і ў выніку будзе контрапрадуктыўным», — цытуе Бабіша ЧТК.
Сьвятлана Ціханоўская на гэтым тыдні наведала польскі эканамічны форум і шматлікія мерапрыемствы з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім у Варшаве.
Бабіш заявіў, што прапанова Польшчы прыйшла толькі ў «апошнія гадзіны». Ён пацьвердзіў, што падтрымлівае ідэю правесьці ў Беларусі свабодныя выбары.
Польскія чыноўнікі паведамілі агенцтву Reuters, што пятнічны саміт Вышаградзкай групы, тым ня менш, будзе ў асноўным сканцэнтраваны на Беларусі, каб скаардынаваць агульную пазыцыю, якая дапамагла б зрабіць больш для краіны.
Прадстаўнік польскага ўраду заявіў толькі, што ў загадзя ўзгоднены парадак дня не ўваходзіць сустрэча зь Ціханоўскай.
Эўрапейскі Зьвяз мае намер увесьці эканамічныя санкцыі супраць 31 высокапастаўленага беларускага чыноўніка за датычнасьць да фальшаваньня выбараў і рэпрэсіяў. Але спрэчка ва Ўсходнім Міжземнаморʼі (у прыватнасьці, пазыцыя Кіпру) затрымала санкцыі Эўразьвязу супраць Беларусі.