Канцэрн «Белнафтахім» пацьвердзіў пачатак падрыхтоўкі і перамоваў для перакіданьня экспартных плыняў беларускіх нафтапрадуктаў зь Літвы ў расейскія парты, паведамляе Interfax.by.
«Аб перакіданьні нафтаплыняў магу пацьвердзіць, што такая работа заплянавана. У бліжэйшы час чакаюцца сустрэчы і неабходныя кантакты. Дэталізацыя будзе даступная па іх выніках», — сказаў прэс-сакратар канцэрну «Белнафтахім» Аляксандар Цішчанка, камэнтуючы журналістам заяву міністра энэргетыкі Расеі Аляксандра Новака.
Аляксандар Новак 7 верасьня сказаў, што Расея бліжэйшым часам ацэніць магчымасьць пераарыентацыі перавалкі нафтапрадуктаў з Прыбалтыкі ў расейскія парты. Гэтае пытаньне абмяркоўвалася на перамовах прэм’ераў Расеі і Беларусі на мінулым тыдні.
Раней Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў якасьці мераў у адказ на санкцыі балтыйскіх краін Беларусь перастане карыстацца іх партамі для перавалкі сваіх экспартных грузаў (у асноўным гэта калійныя ўгнаеньні і нафтапрадукты).