Хутчэй за ўсё, пакуль не. Пра гэта пакуль не вядуць размовы нават эўрапейскія «радыкалы» — Польшча і краіны Балтыі. Пакуль Бэрлін выступае нават супраць санкцыяў адносна Аляксандра Лукашэнкі асабіста. Але звышрадыкалізм у хуткім часе можа стаць эўрапейскім мэйнстрымам.
Беларускія ўлады хутка прабіваюць чарговае дно. «Чорныя чалавечкі» ўводзяцца ў ВНУ, журналістаў асуджаюць за «кіраваньне пратэстамі», катаваньні працягваюцца.
Папярэджаньне ў выглядзе плянаў абмежаваных санкцыяў гэтага не прадухіліла.
Не прадухіліла гэтае папярэджаньне і іншага «парушэньня канвэнцыі». Спрэчка наконт атручваньня Навальнага «навічком» — спрэчка паміж «дарослымі». Ангела Мэркель узяла на сябе адказнасьць заявіць пра гэта, не даручыла міністрам ці экспэртам. Расейцы абвінавачаньне адкінулі, але гэта расейцы.
І тут у спрэчку ўлез даволі сумнеўны кіраўнік «клочка земли». Які перад гэтым яшчэ і адмовіўся размаўляць з Мэркель.
Звычайна Бэрлін такія «тубыльчыя скокі» пад увагу не бярэ. Але прэстыж дзяржавы і для Нямеччыны не пусты гук. Ну, і аднаўленьне катаваньняў — таксама фактар.
Лукашэнка сам неаднаразова слушна казаў, што беларуская эканоміка — адкрытая. На Расею прыпадае амаль палова зьнешняга таваразвароту. Гэта вельмі шмат. Але гэта палова. А чвэрць-траціна — на Эўразьвяз. І гэта ня нафта, ад якой ня надта адмовісься. Беларусь не прадае ў ЭЗ нічога, што немагчыма замясьціць.
Умоўна кажучы, эмбарга на пастаўкі нафтапрадуктаў і калійных угнаеньняў зь Беларусі, адключэньне Беларусі ад міжбанкаўскай сыстэмы SWIFT нанесьлі б беларускай эканоміцы зьнішчальны ўдар. І, адпаведна, магчымасьцям плаціць заробкі ўдзельнікам ябацечных мітынгаў і нават амапаўцам.
І нават не самыя гэтыя захады, а пагроза імі, папярэджаньне, што «по-плохому» можа і Эўропа. Пагрозы Лукашэнкі спыніць транзыт у Літву і з Эўропы — у Расею і Кітай былі ў адказ адно на пэрсанальныя санкцыі. Ён хоча вайну санкцыяў? Ён можа яе атрымаць. І ня візавых, а эканамічных, зьнішчальных.
Расея пакрые ўсе выдаткі? Ну, яна не гатовая дараваць нават газавы доўг памерам нейкіх 300 мільёнаў даляраў. Эмбарга на нафтапрадукты і ўгнаеньні — сумы значна большыя. Так, гэта быў бы ў пэўным сэнсе ўрок і ўзор Расеі. Але ў іншым сэнсе — і ня ўрок, і ня ўзор. Тут рахункі з кіраўніком «клочка земли». А Расея — ня хвост, які дазваляе круціць сабой сабаку. Хіба ёй гэта трэба?
Не абавязкова так яно і адбудзецца. Але Лукашэнку ня варта разьлічваць на тое, што эўрапейскія лідэры, як ён некалі казаў нябожчыку Дарэнку, ня маюць яец. Ён сваімі дзеяньнямі можа паспрыяць абвяржэньню гэтай сэнтэнцыі.
Думкі, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.