Свой адказ на гэтае пытаньне дае ў артыкуле «Чаму Беларусь важная» Ёрг Форбрыг, дырэктар па Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропе нямецкага фонду Маршала. Ён піша пра наступствы, якія нясьмеласьць Захаду будзе мець ня толькі для беларусаў, якія хочуць пераменаў, але і для бясьпекі ўсяго рэгіёну.
У артыкуле, у прыватнасьці, гаворыцца:
«За выключэньнем Літвы, Польшчы і некаторых іншых краінаў Цэнтральнай Эўропы, заходнія рэакцыі былі нясьмелыя. Акрамя рыторыкі, ні ЭЗ, ні ЗША ня выказалі істотнай і вельмі неабходнай падтрымкі беларускаму народу. Гэта кепская дэманстрацыя прыхільнасьці ўласным каштоўнасьцям Захаду.
Ня менш важна тое, што Беларусь — гэта тэст на тое, ці можа Расея ўсё яшчэ быць канструктыўнай сілай у міжнародных справах. Самы блізкі партнэр Беларусі, Расея валодае ўсімі сродкамі, каб прымусіць рэжым Лукашэнкі лічыцца з уласным народам. Гэта можа дапамагчы мірнаму пераходу ўлады ў Менску бяз рызыкі для сувязяў з Масквой. Урэшце, ніхто з удзельнікаў акцый не патрабуе аслабленьня супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і Расеяй, а замест гэтага — павароту да ЭЗ ці NATO. Аднак зьяўляецца ўсё больш сьведчаньняў, што Крэмль будзе падтрымліваць палітычны status quo ў Беларусі ўсімі спосабамі — палітычна, фінансава і нават у вайсковым пляне — кідаючы выклік большасьці грамадзян Беларусі і заклікам Захаду.
Робіцца ўсё больш актуальнай праблема, як можна пазьбегнуць узьнікненьня новай крыніцы небясьпекі на межах ЭЗ ці NATO. Пры ўсё больш відавочнай падтрымцы з боку Расеі Лукашэнка адчувае сябе сьмелым і спадзяецца пры дапамозе Крамля раздушыць народны пратэст. Для многіх беларусаў гэта будзе азначаць пэрспэктыву эміграцыі. Для тых, хто застанецца, гэта будзе азначаць жыцьцё ў расейскім сатэліце.
Для суседзяў Беларусі, ЭЗ і NATO ў цэлым, а для Ўкраіны — ці ня ў першую чаргу, гэта будзе азначаць дадатковую няўпэўненасьць і рост рызыкі расейскай агрэсіі. Нерашучасьцю, няздольнасьцю ўвесьці сур’ёзныя санкцыі адносна Лукашэнкі і яго атачэньня, нежаданьнем прыцягваць да адказнасьці Пуціна за яго ўсё больш відавочнае ўмяшаньне ў справы Беларусі, Эўразьвяз і ЗША фактычна спрыяюць зьяўленьню пункту нестабільнасьці і канфліктаў у рэгіёне».