Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія пратэстанты абурыліся нядопускам мітрапаліта Кандрусевіча ў Беларусь


Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч

Аб’яднаньне хрысьціян поўнага Эвангельля ў Беларусі выступіла з заявай, у якой выказала абурэньне ў сувязі з адмовай ва ўезьдзе ў Беларусь мітрапаліту, арцыбіскупу каталіцкай царквы Тадэвушу Кандрусевічу. Заява апублікаваная на афіцыйнай старонцы абʼяднаньня ў Фэйсбуку.

Тадэвуш Кандрусевіч «узвышаў свой голас у абарону міру, міласэрнасьці і адзінства, асуджаючы гвалт, хлусьню і нянавісьць. Гэта зьяўляецца духоўным і маральна-этычным абавязкам любога сьвятара, а не палітычнай дзейнасьцю», — гаворыцца ў звароце ад імя біскупа Абʼяднаньня хрысьціян поўнага Эвангельля ў Беларусі Леаніда Вараненкі, рады біскупаў і сьвятароў аб’яднаньня.

Як адзначаюць аўтары звароту, паводле Бібліі грамадзянская ўлада пакліканая падтрымліваць дабро і караць зло.

«Калі ж грамадзянская ўлада паступае наадварот, то яна не выконвае свайго прызначэньня ад Бога. Мудрым рашэньнем будзе не перашкаджаць сьвятарам выконваць служэньне, да якога заклікаў іх Бог, і прыслухоўвацца да іх, каб ня стаць богапраціўцамі», — напісана ў ім.

Абʼяднаньне хрысьціян поўнага Эвангельля ў Беларусі выказвае падтрымку каталікам Беларусі і моліцца за «як найхутчэйшае вырашэньне непаразуменьня», зьвязанага зь перашкодамі арцыбіскупскаму служэньню Тадэвуша Кандрусевіча ў Беларусі.

31 жніўня мітрапаліта Менска-Магілёўскага, арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча не ўпусьцілі ў Беларусь, калі ён вяртаўся са службовай выправы з Польшчы. Ніводная дзяржаўная ўстанова не паведамляе прычын і не камэнтуе сытуацыі. Беларуская праваслаўная царква і ўпаўнаважаны ў справах рэлігій таксама не камэнтуюць забарону на ўезд мітрапаліту Кандрусевічу.

Выказаўся толькі Аляксандар Лукашэнка. ​Ён лічыць, што мітрапаліт Менска-Магілёўскі Тадэвуш Кандрусевіч «атрымаў пэўныя задачы» ў Польшчы, і таму яго не ўпусьцілі ў Беларусь, перадае БелТА.

«Мы ўважлівым чынам адсочваем усіх, хто ўяжджае-выяжджае, — сказаў Лукашэнка падчас паездкі ў Баранавічы. — Кіраўнік каталіцкай царквы нечакана выехаў для кансультацый у Варшаву і, атрымаўшы пэўныя задачы, вяртаўся ў Беларусь і трапіў у сьпіс неўязных, агульны ў Беларусі і Расеі. Ня толькі ён адзін, проста гэта больш вядомая фігура».

У мітрапаліта Тадэвуша Кандрусевіча толькі адно грамадзянства — беларускае. Ён нарадзіўся ў вёсцы Адэльск Горадзенскага раёну. Згодна з Законам аб грамадзянстве грамадзяніну Рэспублікі Беларусь ня можа быць адмоўлена ва ўезьдзе ў сваю краіну. Да таго ж гэта канстытуцыйнае права на свабоду перамяшчэньня. Гэтае права можа быць абмежаванае толькі рашэньнем суду — аднак толькі на выезд з краіны, не на ўезд.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG