Прэзыдыюм Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) патрабуе спыніць палітычны перасьлед старшыні Берасьцейскай абласной арганізацыі БСДП Ігара Маслоўскага, які цяпер у ізалятары часовага ўтрыманьня.
Кіраўніцтва БСДП пераканана, што, у адпаведнасьці з Канстытуцыяй Беларусі, кожны грамадзянін мае права на свабоду сходаў і свабоду выказваньня сваіх перакананьняў.
На гэтай падставе агучаныя патрабаваньні прыцягнуць да адказнасьці ў адпаведнасьці з законам праваахоўнікаў, якія ўдзельнічалі ў зьбіваньні, неабгрунтаваных затрыманьнях, арыштах, і распачаць адносна іх крымінальныя справы.
Сярод пацярпелых ад міліцэйскага гвалту вялікая група сябраў БСДП: Ганна Канюс, Аляксандар Стральцоў, Аляксандар Амялюсік, Арцём Іваноў, Аляксей Коўтун, Максім Дземідовіч, Аляксандар Хамратаў, Сяргей Чопік, Лявон Гаравы, Генадзь Захаркевіч, Арсень Бугаенка, Віталь Шаталаў.
Яшчэ адно патрабаваньне — неадкладна спыніць адміністрацыйныя працэсы ў дачыненьні да сяброў Цэнтральнага камітэту БСДП Андрэя Казановіча, Пятра Канстанцінава і сябра партыі Лізаветы Мярляк.
Прэзыдыюм БСДП патрабуе спыніць перасьлед грамадзянаў паводле палітычных матываў, а таксама аднавіць дзеяньне законаў у Беларусі.