Арганізаваў вываз дзяцей з акупаваных земляў Украіны ў Беларусь фонд праўладнага спартоўца Аляксея Талая.
«Гомельская правда» піша, што 33 дзіцяці з дому-інтэрнату ў Луганскай вобласьці адправяцца ў санаторый «Дубровенка» пад Магілёвам. Яшчэ 40 дзяцей з Данецку, Луганску і Марыюпалю адправіліся ў Віцебскую вобласьць, а дзеці з Данецку і Макееўкі — у Менск.
У 2023 годзе «Народнае антыкрызіснае ўпраўленьне» перадало ў Міжнародны крымінальны суд матэрыялы пра незаконнае перамяшчэньне ўкраінскіх дзяцей.
Раней журналісты Свабоды і ўкраінскага праекту «Схемы» дасьледавалі тэму вывазу непаўналетніх з акупаваных Расеяй тэрыторый — пераважна зь Лісічанску і Марыюпалю — у дзіцячыя лягеры Беларусі і высьветлілі, якія арганізацыі датычныя да гэтага, знайшлі бацькоў дзяцей, што наведалі такія ўстановы, а таксама атрымалі эксклюзіўныя ўнутраныя дакумэнты Беларускага Чырвонага Крыжа.
Беларускія чыноўнікі, супрацоўнікі дзяржаўных СМІ, каардынатары і тыя, хто суправаджае дзяцей, нярэдка выкарыстоўваюць тую ж рыторыку, што і расейскія акупацыйныя ўлады, называючы пры гэтым украінскіх дзяцей «гасьцямі з вызваленых тэрыторый» і «нашымі людзьмі».
Падчас навучальнага году дзяцей з Украіны часам далучаюць да заняткаў у беларускіх школах. Так было з групай, якая прыехала ў Наваполацак з Луганскай вобласьці. Дзяцей разьмеркавалі па школах, і яны некалькі тыдняў хадзілі на тыя ж заняткі, што і беларускія. Заняткі праходзілі па беларускіх падручніках на расейскай мове.
Форум