Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка пра арышт Ліліі Ўласавай — гэта ціск на Каардынацыйную раду


Павал Латушка
Павал Латушка

Падчас прэсавай канфэрэнцыі 31 жніўня ў Каардынацыйнай радзе выказаліся наконт чарговага затрыманьня сябра прэзыдыюму рады Ліліі Ўласавай.

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка зьвязаў арышт Ліліі Ўласавай зь ціскам на раду.

«Я хацеў бы зрабіць заяву, што сёньня ў 15:00 была затрымана Лілія Ўласава. Яна зьяўляецца адным з самых вядомых мэдыятараў Беларусі. Мы выказваем заклапочанасьць у сувязі з чарговым затрыманьнем сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Гэта мы разглядаем як ціск на Каардынацыйную раду.

Дадзеныя дзеяньні маюць палітычную матывацыю, але мы працягваем сваю працу. Сёньня мы правялі паседжаньне пашыранага складу. Сапраўды, улада не зацікаўленая ў тым, каб падтрымліваць дыялёг. Мы патрабуем, каб усе дзеяньні, скіраваныя на ціск, былі перапыненыя. Мы гатовыя надалей працаваць, каб вырашыць сытуацыю шляхам дыялёгу. Спадзяёмся, што Лілія Ўласава будзе хутка вызваленая», — заявіў Павал Латушка.

Максім Знак дадаў, што гэтае затрыманьне не зьвязанае з крымінальнай справай супраць Каардынацыйнай рады, бо затрыманьні праводзілі супрацоўнікі ДФР Камітэту дзяржкантролю.

Сябру прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Лілію Ўласаву затрымалі ўдзень 31 жніўня, напярэдадні паседжаньня пашыранага складу Каардынацыйнай рады.

Ліліі Ўласавай 67 год. Яна кандыдат юрыдычных навук, заснавала ў 1990 годзе адну зь першых юрыдычных практык у Беларусі, якая цяпер называецца «Ўласава, Міхель і Партнэры». Яна заснавальніца мэдыяцыі (адна з тэхналёгій альтэрнатыўнага ўрэгуляваньня спрэчак, без адвакатаў і судоў) у Беларусі. Мае найвышэйшую прэмію Саюзу юрыстаў Беларусі ў намінацыі «За ўклад у разьвіцьцё мэдыяцыі». Партал «Ежедневник» уключаў Уласаву ў сьпіс 25 самых пасьпяховых і ўплывовых жанчын у гісторыі бізнэсу Беларусі.

Сямёх сяброў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады ўжо дапыталі ў Сьледчым камітэце (Максім Знак, Сяргей Дылеўскі, Павал Латушка, Лілія Ўласава, Сьвятлана Алексіевіч, Марыя Калесьнікава).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG