Абвешчаны прысуд у справе аб надзвычайным здарэньні на Дзень Рэспублікі ў 2019 годзе. Тады ў выніку выбуху адзін чалавек загінуў, больш за дзесяць атрымалі траўмы, нагадвае Tut.by.
Суд прызнаў вінаватымі камандзіра патрульнай роты Менскай вайсковай камэндатуры Аляксея Кругліка і двух супрацоўнікаў расейскай фірмы «Пиро-Росс» Максімільяна Сапронава і Канстанціна Дзянісава. Прысуд — 3 гады пазбаўленьня волі кожнаму, пакараньне яны будуць адбываць у калёніі-пасяленьні.
Таксама суд вынес прыватную пастанову Міністэрству абароны аб выяўленых недахопах у працы ведамства і недапушчэньні парушэньня закону з боку супрацоўнікаў у далейшым.
Летась сьвяточны салют у Дзень Рэспублікі ў Менску скончыўся трагедыяй. Выбухнулі зарады, загінула 64-гадовая жанчына, яшчэ 11 чалавек атрымалі траўмы, у тым ліку дзіця.
З 480 заражаных снарадаў амаль 200 аказаліся бракаванымі. Па вэрсіі абвінавачваньня, прычынай стала мэханічная дапрацоўка снарадаў: замест таго, каб замяніць бракаваныя вырабы, якія не зьмяшчаліся ў салютныя ўстаноўкі, фігуранты нажамі зьнялі частку абалонкі і зарадзілі іх у ствол. Унутры марціры адбыўся выбух, аскепкі разьляцеліся ў гледачоў.
Супрацоўнікам расейскага прадпрыемства прад’яўлена абвінавачваньне паводле ч. 2 арт. 299 КК (Парушэньне правілаў абыходжаньня з піратэхнічнымі вырабамі, што пацягнула па неасцярожнасьці смерць чалавека і прычыненне шкоды ў буйным памеры).
Дзеяньні камандзіра роты Менскай вайсковай камэндатуры кваліфікаваныя паводле ч. 2 арт. 463 КК (Парушэньне правілаў абыходжаньня з прадметамі, якія ўяўляюць павышаную небясьпеку для навакольных, што пацягнула па неасцярожнасьці сьмерць чалавека і прычыненьне шкоды ў асабліва буйным памеры).