Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Грамадзкія арганізацыі і творчыя саюзы Беларусі заклікалі да новых выбараў і спыненьня гвалту


Мірныя акцыі пратэсту
Мірныя акцыі пратэсту

Грамадзкія арганізацыі і творчыя саюзы Беларусі выступілі з заявай аб падзеях у краіне.

«У краіне адбываюцца драматычныя падзеі, прычынай якіх паслужыла кампанія выбараў прэзыдэнта. Шматлікія парушэньні заканадаўства і фальсіфікацыі пры падліку галасоў не дазваляюць лічыць, што выбары адбыліся. Дзеяньні сілавых структураў пры задушэньні пратэстаў узроўнем нялюдзкасьці і жорсткасьці нагадвалі зьверствы сталінскіх катаў у пэрыяд рэпрэсій 1930-х і фашысцкіх акупантаў у часы Другой сусьветнай вайны», — гаворыцца ў супольнай заяве, якую публікуе сайт ПЭН-цэнтру.

Як адзначаюць аўтары адозвы, афіцыйныя СМІ разьвязалі кампанію гістэрыі, нагнятаньня чутак пра пагрозы звонку і захоп краіны, шальмаваньня тых, хто настойвае на выкананьні ўладамі закону і справядлівасьці, выступае за еднасьць нацыі.

«Людзей спрабуюць увесьці ў зман, прыпісваючы лідэрам пратэсту злачынствы, якія яны не рабілі. Удзельнікі законных пратэстаў зазнаюць ціск на працы і судовы перасьлед. Для арганізацыі акцый у апраўданьне сфальсыфікаваным выбарам выкарыстоўваецца адміністрацыйны рэсурс і бюджэтныя сродкі. Галоўная адказнасьць за маштабны крызіс ляжыць персанальна на Лукашэнку, які для захаваньня свайго становішча пайшоў ня толькі на перавышэньне ўлады, але і падняў зброю на свой народ», — адзначаюць кіраўнікі саюзаў.

У мэтах стабілізацыі становішча ў краіне, аднаўленьня законнасьці і выкананьня народнага волевыяўленьня аўтары ліста патрабуюць ад дзяржаўных органаў:

  • Неадкладна выкарыстаць законны шлях выхаду з палітычнага крызісу, правесьці паўторныя выбары з новым складам выбарчых камісій усіх узроўняў, сфармаваных паводле дэмакратычных прынцыпаў.
  • Вызваліць усіх палітзьняволеных і затрыманых падчас акцый пратэсту, спыніць рэпрэсіі ў дачыненьні да мірных грамадзянаў, не перашкаджаць ім свабодна зьбірацца і выказваць сваю думку.
  • Спыніць перасьлед чальцоў Каардынацыйнай рады і стварыць умовы для агульнанацыянальнага дыялёгу пад эгідай АБСЭ.
  • Пачаць расьсьледваньне фактаў парушэньня выбарчага заканадаўства падчас прэзыдэнцкай кампаніі і фактаў масавага гвалту і забойстваў падчас пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.
  • Даць у дзяржаўных СМІ свабодную трыбуну для носьбітаў усіх пунктаў гледжаньня, арганізаваць дыскусію аб становішчы ў краіне з удзелам прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў.
  • Правесьці круглы стол аб сытуацыі ў Беларусі і шляхах выхаду з крызісу з удзелам прадстаўнікоў уладных структур і грамадзкасьці, у тым ліку Каардынацыйнай рады.

Пад супольнай заявай падпісаліся тры дзясяткі кіраўнікоў арганізацый і творчых саюзаў Беларусі. Поўны сьпіс ТУТ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG