Эўразьвяз гатовы падключыць Каардынацыйную раду беларускай апазыцыі да асваеньня часткі грошай з € 53 млн фінансавай дапамогі гэтай краіне з боку інстытутаў ЭЗ, паведамляе ТАСС.
19-ы дзень пратэстаў. Калесьнікава ідзе ў СК. Макей склікаў паслоў. Што адбываецца ў Беларусі
Пра гэта заявіў эўракамісар у пытаньнях пашырэньня Олівэр Варгеі пасьля прыбыцьця на нефармальную сустрэчу кіраўнікоў МЗС Эўразьвязу ў Бэрліне.
Паводле эўракамісара, сродкі пацярпелым падчас пратэстаў накіруюць у найбліжэйшыя дні, удакладняе ТАСС.
«Частка фондаў ўжо гатовая да разьмеркаваньня, мы літаральна ў найбліжэйшыя дні зможам даць € 2 млн для падтрымкі людзей, якія пацярпелі ў ходзе пратэстаў», — удакладніў Олівэр Варгеі.
Як раней паведамляла Эўракамісія, з гэтых сродкаў € 1 млн пойдзе на разьвіцьцё грамадзянскай супольнасьці. На падтрымку пацярпелых падчас пратэстаў накіруюць € 2 млн. Астатняя сума будзе накіравана на барацьбу з каранавірусам.
Усе грошы разьмяркуюць празь недзяржаўныя арганізацыі.
19 жніўня кіраўнік Эўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў, што Эўразьвяз не прызнае вынікі прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі і заклікаў Менск знайсьці мірны выхад з сытуацыі.
Таксама ЭЗ вылучыў € 53 млн на дапамогу грамадзянам краіны.
Пасьля гэтага прэм’ер-міністар Беларусі Раман Галоўчанка назваў фінансавую дапамогу Беларусі з боку Эўразьвязу памерам € 53 млн «ня вельмі шчодрай».
Раней у жніўні кіраўнікі МЗС Эўразьвязу ужо заяўлялі, што не прызнаюць вынікі выбараў у Беларусі. ЭЗ дэталізуе пашырэньне санкцыяў у дачыненьні да кіраўніцтва Рэспублікі Беларусі і разгледзіць адносіны ЭЗ і Беларусі на нефармальнай сустрэчы 27–28 жніўня.
Масавыя пратэсты ў Беларусі пачаліся 9 жніўня, пасьля таго як грамадзяне з розных гарадоў краіны адмовіліся прызнаваць вынікі выбараў.