Кіраўнікі дзяржаваў і ўрадаў краін ЭЗ не прызнаюць вынікаў выбараў прэзыдэнта Беларусі. Пра гэта 19 жніўня, заявіла канцлер ФРГ Ангела Мэркель па выніках надзвычайнага саміту ў Брусэлі. Нямеччына ад 1 ліпеня паводле ратацыі зьяўляецца старшынёй Рады ЭЗ.
Паводле яе, галасаваньне не было ні справядлівым, ні свабодным.
«Выбары не былі ні справядлівымі, ні свабоднымі, і па гэтай прычыне вынік гэтых выбараў ня можа быць прызнаны», – цытуе DW Ангелу Мэркель.
Страйк на Беларуськаліі. АМАП каля МТЗ. RT на БТ. Што адбываецца на 11-ы дзень пратэстаў
Няма ніякіх сумневаў у тым, што мелі месца масавыя парушэньні падчас выбараў, адзначыла Мэркель па выніках кансультацыяў, якія доўжыліся каля трох гадзінаў. «Мы асуджаем жорсткі гвалт супраць людзей», – дадала яна.
Усе палітвязьні павінны быць безумоўна вызваленыя, падкрэсьліла канцлер. Акрамя таго, неабходны нацыянальны дыялёг, на якім настойвае апазыцыя, упэўненая Ангела Мэркель. «Мы на баку мірных дэманстрантаў», — падкрэсьліла яна.
Кіраўнік Эўрапейскай Рады паабяцаў увесьці санкцыі супраць «адказных за гвалт»
Кіраўнік Эўрапейскай Рады Шарль Мішэль падкрэсьліў, што вынікі выбараў ня будуць прызнаныя. Акрамя таго, ЭЗ увядзе санкцыі супраць «значнай колькасьці тых, хто адказны за гвалт у краіне і фальсыфікацыю на выбарах», – дадаў ён. Мішэль заклікаў Менск знайсьці мірнае выйсьце з крызісу.
Эўрапейская рада — найвышэйшы палітычны орган ЭЗ, які складаецца зь лідэраў дзяржаваў і ўрадаў краін Эўразьвязу.
Для ўдзелу ў саміце, які праходзіў у фармаце відэаканфэрэнцыі, многія кіраўнікі дзяржаў і ўрадаў краін ЭЗ перапынілі вакацыі.
Эўракамісія выдзеліць 53 млн эўра для Беларусі
Старшыня Эўракамісіі Урсула Фон дэр Ляен заявіла, што што ЭЗ гатовы выдзеліць значную падтрымку Беларусі ў рамках «Усходняга партнэрства».
Яна падкрэсьліла, што лідэры ЕС пасылаюць тры сыгналы Беларусі:
- ЭЗ падтрымлівае беларускі народ;
- ЭЗ увядзе санкцыі супраць асоб, адказных за гвалт і фальсыфікацыі;
- ЭЗ гатовы суправаджаць мірную перадачу ўлады ў Беларусі.
Старшыня Эўракамісіі заявіла, што ЭЗ зьбіраецца пераразьмеркаваць сродкі і вылучыць больш грошай грамадзянскай супольнасьці, а ня ўладам.
«Эўракамісія выдзеліць дадатковыя 53 млн эўра для падтрымкі беларускага народу ў гэты цяжкі час. 2 млн эўра будуць выдзеленыя на дапамогу ахвярам рэпрэсіяў і непрымальнага гвалту з боку дзяржавы, 1 млн – на падтрымку грамадзянскай супольнасьці і незалежных СМІ і 50 млн эўра ў рамках экстранай дапамогі на барацьбу з каранавірусам для сыстэмы аховы здароўя», – сказала Фон дэр Ляен.