Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвятлана Ціханоўская: Мірныя дэманстрацыі ў Беларусі ня спыняцца


Сьвятлана Ціханоўская
Сьвятлана Ціханоўская

Апошнія заявы экс-кандыдаткі ў прэзыдэнты Беларусі Сьвятланы Ціханоўскай, якая вымушана знаходзіцца ў эміграцыі ў Літве, францускаму выданьню Les Echos.

Пра падтрымку Эўропы

На пытаньне, чаго Сьвятлана Ціханоўская цяпер чакае ад Эўропы, яна адказала, што чакае «падтрымкі ў нашай барацьбе за права абіраць свайго прэзыдэнта».

«Мы ўжо ведаем, што эўрапейцы падтрымліваюць нас, і мы гэта адчуваем. Цяпер кожная краіна павінна вырашыць, як нам найлепей дапамагчы. Да мяне зьвярталіся прадстаўнікі многіх кіраўнікоў эўрапейскіх дзяржаваў, у тым ліку Эманюэля Макрона, Ангелы Мэркель і Шарля Мішэля. Я буду працягваць размаўляць зь імі», — сказала Ціханоўская.

Наконт таго, хто, на думку Ціханоўскай, павінен трапіць пад санкцыі, якія Эўрапейскі Зьвяз цяпер рыхтуе супраць 15–20 беларускіх кіраўнікоў, яна адказала, што «не судзьдзя» і ня можа назваць канкрэтныя імёны, але ўпэўненая, што санкцыі «будуць скіраваныя супраць вінаватых у тым, што адбылося ў Беларусі, супраць тых, хто фальсыфікаваў прэзыдэнцкія выбары і пасьля аддаваў злачынныя загады».

На пытаньне, ці выйдзе Беларусь з саюзу з Расеяй і ці паспрабуе ўступіць у Эўрапейскі Зьвяз, калі Ціханоўская стане прэзыдэнткай, яна адказала, што гэта «не яе місія»: «Мая місія ў тым, каб арганізаваць новыя прэзыдэнцкія выбары».

Пра дыялёг зь дзейнай уладай

Наконт дыялёгу зь дзейнай уладай Ціханоўская кажа, што «адказу ад беларускіх уладаў пакуль няма», але «сытуацыя мяняецца вельмі хутка».

«Рана ці позна ім давядзецца з намі кантактаваць. Наш народ не саступіць, дыялёг непазьбежны. Я ня мела ніякіх кантактаў з расейскімі ўладамі. Мы адкрытыя для любых кантактаў. Я ня ведаю, чаго чакаць ад Масквы. Я толькі прашу, каб расейцы паважалі сувэрэнітэт нашай краіны і ня ўмешваліся. Гаворка тут не пра геапалітыку, а пра тое, каб у нашых людзей зьявіўся новы прэзыдэнт», — сказала Ціханоўская.

Пра справу мужа

Пра справу свайго мужа Сяргея Ціханоўскага яна сказала, што адвакат часта наведвае яго ў турме, але ў якой стадыі цяпер справа супраць яго, невядома. Фізычнага ціску на Сяргея няма.

«Ці выкарыстоўваюць улады ягонае зьняволеньне, каб рабіць на вас ціск?» — спыталі яе. «Я не магу адказаць на гэтае пытаньне», — адказала Сьвятлана Ціханоўская.

Пра далейшыя акцыі пратэстаў і страйкі

Наконт таго, ці баіцца яна, што пратэсты ў Беларусі «вытхнуцца», Сьвятлана Ціханоўская адказала: «Нашы мірныя акцыі пратэсту ня спыняцца. Воля людзей зрабілася занадта моцнай. Вядома, мы ня можам мабілізавацца кожны дзень, кожны хоча жыць сваім жыцьцём. Але кожныя выходныя дэманстрацыі будуць працягвацца і будуць штораз большымі».

«Адзінага кіраўніка» пратэстаў у Беларусі, паводле экс-кандыдаткі, няма, «кожны можа быць лідэрам». «Вядома, ёсьць рэкамэндацыі, але нашы людзі мабілізуюцца стыхійна і пратэст самаарганізуецца», — дадала яна.

Ціханоўская сказала, што не зьбіраецца заклікаць школы да страйку на пачатку навучальнага году, бо кожны павінен прыняць сваё рашэньне.

«Дэмакратыя — гэта тады, калі людзей не прымушаюць прытрымлівацца дзяржаўнай ідэалёгіі. Калі яны супраць, яны павінны мець магчымасьць выказаць сваю нязгоду. Вядома, школы павінны працаваць, але мы не павінны перашкаджаць кожнаму выказаць сваю думку», — сказала яна.

Пра сваю далейшую місію

«Мая місія не зьмянілася. Я застануся са сваім народам да канца. У Вільні я ў бясьпецы. Але я хачу як мага хутчэй вярнуцца ў Беларусь», — сказала Сьвятлана Ціханоўская.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG