Вярхоўны суд адмовіў тром экс-кандыдатам у прэзыдэнты ў задавальненьні скаргаў па выніках выбараў. Скаргі ў Вярхоўны суд падавалі Ганна Канапацкая, Андрэй Дзьмітрыеў і Святлана Ціханоўская, паведамляе Tut.by.
Што тычыцца скаргі Сьвятланы Ціханоўскай, Вярхоўны суд вызначыў, што ў суд Ціханоўская зьвярнулася са скаргай, у якой указала, што 14 жніўня 2020 года рашэньнем ЦВК адмоўлена ў задавальненьні яе скаргі аб прызнаньні несапраўднымі выбараў прэзыдэнта Беларусі. Мяркуючы, што адмоўлена неабгрунтавана, прасіла рашэньне ЦВК скасаваць і прызнаць выбары несапраўднымі ў цэлым у краіне.
Вярхоўны суд адзначае, што рашэньне аб прызнаньні выбараў несапраўднымі прымае Цэнтральная камісія.
«Паколькі рашэньня аб прызнаньні выбараў несапраўднымі Цэнтральная камісія не прымала, скарга Ціханоўскай аб несапраўднасьці выбараў разгляду ў судзе не падлягае, бо падобныя патрабаваньні не адносяцца да кампэтэнцыі суду», — гаворыцца ў камэнтары Вярхоўнага суду.
Таму Вярхоўны суд прыняў рашэньне адмовіць у завядзеньні справы па скарзе Ціханоўскай на рашэньне ЦВК ад 14 жніўня 2020 году. Вызначэньне абскарджаньню і апратэставаньню ў апэляцыйным парадку не падлягае.
Згодна з зацьверджанымі ЦВК вынікамі, за Лукашэнку прагаласавалі 80,1% выбарнікаў, за ягоную асноўную апанэнтку Сьвятлану Ціханоўскую — 10,12%.