Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы павінны перамагчы духам і сілай сваіх перакананьняў». Алексіевіч пабывала на допыце ў Сьледчым камітэце. ВІДЭА, ФОТА


Сьвятлана Алексіевіч пасьля наведваньня Сьледчага камітэту, 26 жніўня 2020 году
Сьвятлана Алексіевіч пасьля наведваньня Сьледчага камітэту, 26 жніўня 2020 году

Нобэлеўскую ляўрэатку ў літаратуры і сябра Каардынацыйнай рады Сьвятлану Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт на допыт у якасьці сьведкі.

А 14 гадзіне яна прыбыла да будынку Сьледчага камітэту. У 14.50 яна выйшла з СК. Паведаміла, што скарысталася правам ня сьведчыць супраць сябе.

Разам са Сьвятланай Алексіевіч да будынку СК прыбылі іншыя сябры Каардынацыйнай рады. Іх віталі воплескамі дзясяткі чалавек, якія прыйшлі падтрымаць Сьвятлану Алексіевіч.

Калі так нас будуць падзяляць, мы абавязкова скацімся да грамадзянскай вайны

«Здароўе ня надта добрае; у нас то пандэмія, то рэвалюцыя, няма калі падумаць пра здароўе, — сказала Сьвятлана Алексіевіч перад допытам. — Я іду зусім спакойна, я не адчуваю сябе вінаватай.

Я адчуваю, што ўсё, што мы рабілі, гэта цалкам законна. Больш за тое, гэта вельмі патрэбна сёньня, таму што, калі так нас будуць падзяляць, мы абавязкова скацімся да грамадзянскай вайны, гэта вельмі небясьпечна, і наша мэта была толькі аб’яднаць грамадзтва, дапамагчы пераадолець палітычны крызіс.

Гэта ў нас на вачах робіцца нацыя, беларускі народ

Ні аб якім перавароце... дарэмна думаць, што 7 або 600 чалавек сабраліся — і яны нешта зрабілі з народам. Гэта народ прыйшоў да гэтага. Гэта ў нас на вачах робіцца нацыя, беларускі народ. Думаю, кожны з вас ганарыцца сваім народам. Яшчэ нядаўна гэтага не было, а сёньня, калі мы бачым тысячныя рухі людзей, іх твары (вы б бачылі цудоўныя развароты ў заходніх СМІ!), зьявіўся брэнд Беларусі. Ім падабаецца, што ніводзін газон не памяты, ніводная вітрына не пабітая, мы прапануем новы спосаб, мірны спосаб барацьбы. Тое, чаго патрабуе сёньняшні час — час, калі чалавечае жыцьцё вартае і чалавек шануе сваё жыцьцё.

І тое, што мы бачылі ў першыя тры дні супрацьстаяньня, калі зь людзей рабілі мяса, — гэта ўжо мінулае стагодзьдзе. Мы павінны размаўляць адно з адным, спрачацца. Мы розныя, але ў нас ёсьць Беларусь, адна краіна...

Я думаю, нам трэба быць разам, не саступаць

Я думаю, нам трэба быць разам, не саступаць. Ня дай Бог, каб пралілася кроў з нашага боку; мы павінны перамагчы духам, сілай сваіх перакананьняў. Гэта будуць доўгія палітычныя ракіроўкі, напэўна. Я бачу, што трэба, сьвет нам дапаможа, каб Лукашэнка стаў размаўляць з кімсьці. Цяпер ён размаўляе толькі з Пуціным. Можа, і Пуціна трэба прыцягнуць, і сьвет, каб Лукашэнка зразумеў, што нельга сваё жыцьцё, жыцьцё сваёй сям’і, на адну дошку з сваім народам.

Але тут нам павінны дапамагчы, нам патрэбна дапамога сьвету і, можа, і Расеі, калі мы яе зможам прыцягнуць», — заявіла Алексіевіч перад допытам.

У 14.50 яна выйшла з СК. Паведаміла, што скарысталася правам ня сьведчыць супраць сябе.

25 жніўня быў дапытаны ў Сьледчым камітэце як сьведка крымінальнай справы паводле факту старэньня і дзейнасьці Кааардынацыйнай рады Павал Латушка, раней у гэтай справе дапыталі іншых сяброў прэзыдыюму Рады Максіма Знака і Сяргея Дылеўскага, Лілію Ўласаву. Справу распачала Генэральная пракуратура.

Стварэньне і дзейнасьць Каардынацыйнай рады накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі. На падставе гэтага факту заведзеная крымінальная справа паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу», — заявіў раней генэральны пракурор Аляксандар Канюк.

Згаданы артыкул прадугледжвае пакараньне да 5 гадоў зьняволеньня.

Тым ня меней, як заявіў, наведаўшы Сьледчы камітэт, Павал Латушка, мэты і задачы Каардынацыйнай рады нязьменныя — паспрыяць выйсьцю з палітычнага крызісу, і гэта не супярэчыць беларускім законам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG