Затрыманьні на плошчы Незалежнасьці ў Менску, блякаваньне інтэрнэту, допыт Алексіевіч у Сьледчым камітэце. Найважнейшае за 26 жніўня
Увечары 26 жніўня АМАП разагнаў мітынг пратэсту на менскай плошчы Незалежнасьці, адбыліся затрыманьні. Акрамя таго, амапаўцы зачынілі ўсе дзьверы ў касьцёле Сьвятых Сымона і Алены і нікога не выпускалі. Белсат паведаміў, што зьнік журналіст гэтага тэлеканалу Арцём Лява. Ён здымаў акцыю на плошчы Незалежнасьці. Прынамсі трох чалавек затрымалі ў Берасьці.
У Менску ўвечары 26 жніўня зноў назіраліся сурʼёзныя праблемы з доступам у інтэрнэт. Незадоўга да гэтага апэратар A1 папярэдзіў абанэнтаў аб магчымым істотным пагаршэньні якасьці мабільнага інтэрнэту — на патрабаваньне дзяржорганаў.
У Сьледчым камітэце дапыталі ў якасьці сьведкі Сьвятлану Алексіевіч, нобэлеўскую ляўрэатку і сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па транзыце ўлады. Допыт доўжыўся 50 хвілін. Пасьля допыту пісьменьніца паведаміла, што скарысталася правам ня сьведчыць супраць сябе.
Курс беларускага рубля пасьля выбараў імкліва падае. У банкаматах валюты няма. У аддзяленьнях невялікую суму ў далярах ці эўра можна купіць, дачакаўшыся, калі хто здасьць. Курс даляра на таргах 26 жніўня вырас амаль на 5 капеек і дасягнуў гадавога максымуму — 2 рублі 64 капейкі.
Берасьцейскі прадпрымальнік Андрэй Варонін, які ўвайшоў у склад Каардынацыйнай рады, зьехаў з краіны.
Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Марыя Калесьнікава атрымала позву для дачы паказаньняў у Сьледчым камітэце на 27 жніўня ў якасьці сьведкі ў рамках крымінальнай справы за спробу «захопу ўлады». Да яе там пабывалі 5 з 6 астатніх сябраў прэзыдыюму — Максім Знак, Сяргей Дылеўскі, Павал Латушка, Лілія Ўласава і Сьвятлана Алексіевіч. Адзіная з прэзыдыюму, каго не выклікалі позвай, — Вольга Кавалькова. Але ёй, як і Сяргею Дылеўскаму, Заводзкі суд Менску 25 жніўня прысудзіў 10 дзён арышту за «арганізацыю несанкцыянаванай акцыі».
Старшыню страйкаму МЗКЦ Аляксандра Лаўрыновіча арыштавалі на 10 сутак.
Больш за палову трупы Купалаўскага тэатру звольнілі, не засталося ніводнага рэжысэра. Сёньня звольнілі 58 актораў і супрацоўнікаў тэатру.
У міжведамасную камісію для праверкі фактаў зьдзекаў і жорсткага абыходжаньня падчас затрыманьня грамадзян увайшлі прадстаўнікі ўсіх сілавых ведамстваў — Генпракуратуры, Сьледчага камітэту, Міністэрства ўнутраных спраў, Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. У працы камісіі таксама возьмуць удзел дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу.
У менскім доме, дзе жылі Валер і Вераніка Цапкалы да эміграцыі, прайшоў ператрус. Яшчэ 20 жніўня Сьледчы камітэт наклаў арышт на кватэру Цапкалаў.
Дырэктар радыё «Сталіца» Алег Міхалевіч звольніўся разам з калектывам на знак пратэсту супраць гвалту і фальсыфікацыі выбараў.
Другі тыдзень буйныя грамадзка-палітычныя недзяржаўныя СМІ ня могуць надрукаваць свае наклады ў Беларускім доме друку. Афіцыйныя прычыны — паломка абсталяваньня або адсутнасьць расходных матэрыялаў.
Менск гатовы да канструктыўнага дыялёгу з замежнымі партнэрамі што да ўнутрыпалітычнай сытуацыі ў краіне, але без пагрозаў і ўмяшаньня ва ўнутраныя справы. Пра гэта сказаў кіраўнік МЗС Уладзімер Макей у размове са сваім італьянскім калегам Луіджы Ды Маё.
Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус у лісьце кіраўніку МЗС Беларусі Ўладзімеру Макею заявіў аб непрымальнасьці парушэньняў правоў беларускіх грамадзянаў, а таксама пра неабходнасьць правядзеньня ў краіне празрыстых выбараў для выхаду з «маральнага і палітычнага тупіку».
Зьнік журналіст Белсату, які здымаў акцыю на плошчы Незалежнасьці ў Менску
Белсат паведаміў, што зьнік журналіст гэтага тэлеканалу Арцём Лява. Сёньня ўвечары ён здымаў акцыю на плошчы Незалежнасьці. Там затрымалі прынамсі 14 чалавек. Незадоўга да пачатку затрыманьняў у Менску пачаліся праблемы з доступам у інтэрнэт, якія назіраліся каля гадзіны. Інтэрнэт блякаваўся на загад уладаў. Цалкам чытайце тут.
Расейскі мастак ахвяраваў палову грошай ад продажу карціны «Беларусь» ахвярам гвалту ў Беларусі
Расейскі мастак Арцём Ласкутоў ахвяраваў беларусам палову грошай ад продажу карціны «Беларусь», прысьвечанай апошнім падзеям у краіне. 26 жніўня ён перавёў агулам 1,5 мільёна расейскіх рублёў (каля 20 тысяч даляраў) у два фонды па зборы грошай для ахвяраў палітычных рэпрэсій у Беларусі, пра што паведаміў у Фэйсбуку.
14 жніўня Арцём Ласкутоў прадаў карціну, прысьвечаную жорсткаму здушэньню пасьлявыбарчых акцый пратэсту ў Беларусі, на інтэрнэт-аўкцыёне за 3 мільёны расейскіх рублёў (больш як 40 тысяч даляраў). Карціна «Беларусь» уяўляе сабой стылізаваны бел-чырвона-белы сьцяг, выканана ў вынайдзенай самім Ласкутовым у 2019 годзе тэхніцы «дубінапісу» — з выкарыстаньнем міліцэйскай дубінкі. Стварыць новы стыль яго натхніла жорсткае здушэньне пратэстаў у Маскве падчас выбараў у Маскоўскую гарадзкую думу.
Актывісту з Гомля далі штраф — і зноў завезьлі ў ізалятар
26 жніўня ў Гомлі судзілі затрыманых напярэдадні вечарам за акцыю пратэсту. Актывіста АГП Уладзімера Няпомняшчых пакаралі штрафам у 810 рублёў за нібыта ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Але, нягледзячы на штраф, яго зноў завезьлі ў ізалятар. Пасьля суду ён пайшоў забраць свае рэчы з аўтамабіля канвойных, але адтуль не вярнуўся, паведаміла праваабаронцу Васілю Палякову жонка Няпомняшчых.
7 суткамі арышту за акцыю 25 жніўня пакаралі Дзьмітрыя Карнеева, на «суткі» асудзілі і невядомага чалавека, які ўчора на акцыі ў Гомлі нёс паперадзе калёны бел-чырвона-белы сьцяг.
Рада Эўропы заклікала ўлады Беларусі неадкладна пачаць нацыянальны дыялёг для выхаду з крызісу
Прэзыдэнт Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы Рык Даемс, а таксама старшыня Камітэту міністраў Мілціадзіс Варвіціоціс і генсакратар Рады Эўропы Марыя Пейчыновіч-Бурыч выступілі з сумеснай заявай па сытуацыі ў Беларусі. Заяву апублікавалі на афіцыйным сайце арганізацыі.
Кіраўніцтва Рады Эўропы заклікала ўлады Беларусі неадкладна пачаць «шырокі і інклюзіўны нацыянальны дыялёг з уцягваньнем грамадзянскай супольнасьці», каб мірна вырашыць цяперашні крызіс у краіне і «забясьпечыць магчымасьць правядзеньня неабходных рэформаў у інтарэсах усіх грамадзян Беларусі».
У заяве таксама падкрэсьліваецца, што ў Беларусі павінны
- неадкладна вызваліць усіх затрыманых удзельнікаў акцый пратэстаў,
- спыніць любое жорсткае абыходжаньне з грамадзянамі,
- правесьці празрыстае расьсьледаваньне ўсіх выпадкаў жорсткасьці з боку сілавікоў.
«Спроба паставіць на калені беларускую культуру». Латушка пракамэнтаваў масавыя звальненьні з Купалаўскага тэатру
Былы дырэктар Купалаўскага тэатру і сябар прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка пракамэнтаваў масавыя звальненьні актораў, рэжысэраў і іншых супрацоўнікаў тэатру.
«Няма дзяржавы, няма краіны, няма нацыі без сваёй культуры. Як казаў Максім Гарэцкі, тэатар — храм нацыянальнага адраджэньня. Звальненьне актораў і супрацоўнікаў Купалаўскага — гэта не параза народу, не параза нацыі, гэта параза тых, хто ня ўмее слухаць, ня ўмее чуць. Можна прымусіць маўчаць, але спыніць думкі — немагчыма. Гэта нібы спроба паставіць на калені беларускую культуру», — сказаў Павал Латушка. Цалкам чытайце па спасылцы.
Зяленскі ў размове з Пампэо выказаў надзею, што воля беларускага народу будзе рэалізаваная ў найбліжэйшы час
У тэлефоннай размове прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі і дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо, сярод іншага, абмеркавалі сытуацыю ў Беларусі, паведамляе офіс украінскага прэзыдэнта.
«Галоўнае, каб сытуацыя ў Беларусі стабілізавалася, каб адбылося мірнае ўрэгуляваньне. Украіна ніколі ня ўмешвалася і не плянуе ўмешвацца ў выбары ніводнай дзяржавы», — падкрэсьліў Уладзімір Зяленскі. Ён таксама выказаў надзею, што воля беларускага народу будзе рэалізаваная ў найбліжэйшы час.
У Менску зноў сур'ёзныя праблемы з доступам у інтэрнэт
У Менску ўвечары 26 жніўня зноў назіраюцца сурʼёзныя праблемы з доступам у інтэрнэт. Незадоўга да гэтага апэратар A1 папярэдзіў абанэнтаў аб магчымым істотным пагаршэньні якасьці мабільнага інтэрнэту — на патрабаваньне дзяржорганаў.
«У адпаведнасьці з распараджэньнем упаўнаважаных дзяржаўных органаў 26 жніўня з 20:40 на тэрыторыі Менску будзе зьніжана прапускная здольнасьць мабільнага інтэрнэту. Выкананьне гэтага патрабаваньня вядзе да істотнага пагаршэньня якасьці сэрвісу перадачы дадзеных або часовай недаступнасьці паслугі», — паведаміла кампанія ў сацсетках і выказала спадзеў на хуткае аднаўленьне абслугоўваньня.
Reuters: Самалёт ФСБ Расеі другі раз пасьля выбараў прыляцеў у Менск
Расейскі самалёт, які перавозіць высокіх урадоўцаў, у тым ліку кіраўніка Фэдэральнай службы бясьпекі, другі раз пасьля выбараў 9 жніўня прыляцеў у Менск. Як паведамляе агенцтва Reuters, не ўдалося высьветліць, хто быў на борце самалёта.
Мінулым разам гэты самалёт Ту-214ВПУ (вышынны пункт кіраваньня) спэцыяльнага лётнага атраду «Расея» на кароткі час прылятаў у Менск 18 жніўня.
Былы пасол ЗША ў Беларусі: Крэмль займае пазыцыю чаканьня. ВІДЭА
Былы амбасадар ЗША ў Беларусі Кенэт Ялавіц расказаў «Голасу Амэрыкі» пра сустрэчу 25 жніўня намесьніка дзяржсакратара ЗША Стывэна Бігэна і міністра замежных спраў РФ Сяргея Лаўрова, у рамках якой абмяркоўвалася і «беларускае пытаньне».
«Працяг гвалту — гэта тупік». Топ-мэнэджар EPAM патлумачыў, чаму далучыўся да Каардынацыйнай рады
Старшы віцэ-прэзыдэнт амэрыканскай ІТ-кампаніі зь беларускімі каранямі EPAM Макс Баграцоў расказаў у Фэйсбуку, чаму сышоў у бестэрміновы адпачынак і далучыўся да Каардынацыйнай рады. Беларуская «дачка» Epam Systems — найбуйнейшая ІТ-кампанія ў Беларусі са штатам звыш 10 тысяч супрацоўнікаў.
Макс Баграцоў адпрацаваў у EPAM 23 гады, прайшоўшы шлях ад праграміста да старшага віцэ-прэзыдэнта, адказнага за тэхналягічныя рашэньні. Ён піша, што хоць шмат год пражыў за межамі Беларусі, але захаваў адзін беларускі пашпарт.
«Я, як і ўсе, адчуў унікальнае пачуцьцё гонару за тое, што я беларус, у дзень выбараў, якія паказалі нечуваны ўзровень актыўнасьці, згуртаванасьці і веры ў адкрытую грамадзянскую супольнасьць. Хутка дадалося пачуцьцё сораму: калі ўлада ўжывае беспрэцэдэнтны тэрор у адносінах да ўласнага народу, нябачаны тут з часоў Другой сусьветнай вайны, заставацца ўбаку на бясьпечнай адлегласьці — гэта няправільна». Цалкам чытайце тут.
У Кіеве «Ўкраінскі дом» падсьвяцілі бел-чырвона-белым. ФОТА
Нацыянальны цэнтар «Украінскі дом» у Кіеве падсьвяцілі бел-чырвона-белым на знак салідарнасьці і падтрымкі мірнага пратэсту ў Беларусі. Такім чынам украінскія актывісты далучыліся да міжнароднай акцыі #BelarusWatch.
Арганізатары акцыі — украінская грамадзкая арганізацыя «Євромайдан SOS». Да яе далучыліся і ўкраінскія праваабаронцы Канстанцін Равуцкі і Яўген Васільеў, якіх затрымалі ў Беларусі і абвінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях.
Лідэрка партыі «Голас» Кіра Рудык заявіла, што іх фракцыя ў парлямэнце будзе кожны дзень патрабаваць ухваленьня пастановы аб непрызнаньні выбараў у Беларусі.
У Берасьці таксама затрыманьні
У Берасьці 26 жніўня міліцыя хапала тых, хто зьбіраўся малымі групамі альбо па адным, паведамляе «Белсат» у Тэлеграме. Мінімум трох затрымалі.
У 20 акругах Менску ініцыявалі адкліканьне дэпутатаў. Людзі стаяць у чарзе, каб паставіць подпіс
У розных мікрараёнах Менску 26 жніўня ўтварыліся чэргі зь мясцовых жыхароў: тут зьбіраюць подпісы за адстаўку дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Беларусі. Напярэдадні зьбіраць подпісы і пачынаць працэдуру адкліканьня дэпутацкіх мандатаў беларусаў заклікаў Павал Латушка, сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады.
Як паведамляе Tut.by, вядома, што ў 20 выбарчых акругах Менску частка выбарнікаў ужо ініцыявала адкліканьне дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў. А ў пасёлку Сеніца, побач зь Менскам, мясцовыя жыхары ўжо сабралі подпісы і падалі заяву аб правядзеньні сходу, на якім прагаласуюць за або супраць адклiканьня парлямэнтара ад сваёй акругі.
А ініцыятыва «Сумленныя людзі» запусьціла праект #ВыНасДажеНеПредставляете, які дапамагае ініцыяваць сход выбарнікаў па пытаньні адкліканьня парлямэнтара. За суткі форму для атрыманьня ўзору адпаведнай заявы спампавалі больш за 1500 чалавек, паведамляецца ў афіцыйным тэлеграм-канале ініцыятывы. Цалкам чытайце тут. Save
АМАП атачыў пратэстоўцаў на плошчы Незалежнасьці. Ёсьць затрыманыя
Як паведамілі Tut.by чытачы, на плошчы Незалежнасьці ў Менску АМАП узяў у кола каля 20 чалавек, нікуды не выпускае. Паводле відавочцы, дзяўчат, якія трапілі ў акружэньне, адпусьцілі, хлопцаў грузяць у аўтазак. Колькі чалавек затрымана ўсяго – невядома. На плошчы каля Чырвонага касьцёла застаюцца аўтазакі.
Тыя, каго міліцыя да гэтага разагнала з плошчы, кажуць, што гэта быў менавіта разгон — людзей не затрымлівалі і ня білі, піша Tut.by.
Затрыманьні людзей на плошчы Незалежнасьці ў стрыме РБК:
Пасьля 21.20 АМАП зьехаў, плошчу Незалежнасьці засталіся патруляваць некалькі чалавек. На плошчу падцягнуліся людзі з плякатамі.
Сілавікі заблякавалі ў Чырвоным касьцёле каля 100 чалавек
Увечары 26 жніўня сілавікі заблякавалі ў Чырвоным касьцёле, што на плошчы Незалежнасьці ў Менску, каля 100 чалавек. Некаторыя хаваліся ў касьцёле ад дажджу. Сярод заблякаваных — журналісты «Эўрарадыё» і Tut.by, паведамляюць выданьні ў Тэлеграме.
Недзе пасьля 21.10, пасьля таго як АМАП разагнаў людзей з плошчы (частку затрымалі), з Чырвонага касьцёла выпусьцілі тых, хто быў там.
Па вечарах на плошчы Незалежнасьці штодня зьбіраліся пратэстоўцы, ня згодныя з вынікамі прэзыдэнкіх выбараў.
Як і аб чым можна дамовіцца з Лукашэнкам?
Калі і на якіх умовах Аляксандар Лукашэнка гатовы весьці дыялёг са сваімі апанэнтамі? Ці будзе ён весьці такі дыялёг, калі пратэст прайграе? Ці могуць Масква і Захад дамовіцца наконт Беларусі праз галаву беларусаў? Па гэтых тэмах у «Праскім акцэнце» спрачаюцца палітолягі Яўген Прэйгерман і Арцём Шрайбман і палітычныя аглядальнікі Свабоды Юры Дракахруст і Віталь Цыганкоў. Тэкставая вэрсія па спасылцы.
Салігорскага актывіста Ўладзімера Шылу затрымалі і накіравалі «даседжваць 17 сутак». Пра гэта паведаміў у Фэйсбуку ягоны сын Іван Шыла.
Уладзімер Шыла быў назіральнікам на прэзыдэнцкіх выбарах на 22-м участку Салігорскай акругі. 9 жніўня яго затрымалі і зьбілі. 10 жніўня асудзілі на 25 сутак паводле абвінавачаньняў ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве і непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі. 18 жніўня яго вызвалілі, але сёньня зноў затрымалі.
У Менску людзі стаяць у чарзе, каб паставіць подпіс за адкліканьне дэпутаткі сваёй акругі. Фатафакт
У Менску ля кінатэатру «Кіеў» сабралася чарга: людзі стаяць у ёй, каб паставіць подпіс за адкліканьне дэпутаткі сваёй акругі — Старавіленскай акругі № 105 — Сьвятланы Любецкай. Да дэпутацтва яна працавала судзьдзёй, у тым ліку і ў Вярхоўным судзе Беларусі.
Як у Горадні пагражаюць кіраўніцы страйкаму. ВІДЭА
Юлія Сліўко — тынкоўшчыца, якую абралі старшынёй страйкаму «Гроднапрамбуду». Цяпер ёй паступаюць пагрозы, яна была вымушаная схаваць свайго 12-гадовага сына. Але не спыняецца.