Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Каардынацыйную раду ўваходзіць ужо больш за 1000 чалавек, — Максім Знак


Сябры Каардынацыйнай рады падчас прэс-канфэрэнцыі 24 жніўня
Сябры Каардынацыйнай рады падчас прэс-канфэрэнцыі 24 жніўня

У Каардынацыйную раду ўваходзіць ужо больш за 1000 чалавек. Пра гэта ў жывым эфіры Свабоды паведаміў адвакат і сябра прэзыдыюму Рады Максім Знак.

Ён паведаміў, што яшчэ да пачатку сьледчых дзеяньняў ён падаў заяву з патрабаваньнем спыніць крымінальную справу аб «захопе ўлады» з боку Каардынацыйнай рады, бо «мы ня бачым падстаў, прыкметаў злачынства ў дзеяньнях сяброў Рады і ў самім факце стварэньня Рады».

Максім Знак, які ўжо пабываў на допыце ў СК, сказаў, што ня мае прэтэнзій да сьледчых, якія праводзяць праверку ў крымінальнай справе, якую распачала Генэральная пракуратура.

Мэты Каардынацыйнай рады і перасьлед уладамі

Каардынацыйная рада, у прызідыюм якой уваходзіць 7 чалавек, не прызнала вынікаў выбараў 9 жніўня, заклікала адхіліць Аляксандра Лукашэнку ад улады і правесьці новыя сумленныя выбары. 20 жніўня Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу праз падазрэньне ў закліках да «захопу ўлады» (артыкул 361 Крымінальнага кодэксу).

Рада сьцьвярджае, што яе дзейнасьць законная.

«У сувязі з публічнай заявай генэральнага пракурора А. У. Канюка аб завядзеньні крымінальнай справы паводле арт. 361 КК па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, лічым неабходным яшчэ раз пацьвердзіць, што мэты Каардынацыйнай рады і спосабы дасягненьня гэтых мэтаў дакладна выкладзены ў рэглямэнце Каардынацыйнай рады і прынятай рэзалюцыі. Усе мэты і спосабы зьяўляюцца законнымі, заснаванымі на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.

Сябры Каардынацыйнай рады не распаўсюджвалі заклікаў да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, або ажыццяўленьня акту тэрарызму, або дывэрсіі, або да іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — заявіла Каардынацыйная рада.

Сябра прэзыдыюму Каардынацыйнай рады Павал Латушка падкрэсьліваў, што грамадзянская плятформа не перасьледуе палітычных мэтаў і нацэленая на арганізацыю дыялёгу грамадзтва і ўлады. Генэральная пракуратура завяла крымінальную справу ў сувязі зь дзейнасьцю рады.

Пакуль пяць сяброў Каардынацыйнай рады пабывалі на допытах у СК у якасьці сьведак (Максім Знак, Сяргей Дылеўскі, Павал Латушка, Лілія Ўласава і Сьвятлана Алексіевіч). Марыя Калесьнікава атрымала позву для дачы паказаньняў у Сьледчым камітэце на 27 жніўня. Яшчэ дваім сябрам прэзідыюму — Сяргею Дылеўскаму і Вользе Кавальковай — 25 жніўня прысудзілі па 10 дзён арышту за парушэньне парадку арганізацыі масавых мерапрыемстваў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG