Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кавалькова на Акрэсьціна, Латушку і Алексіевіч выклікалі ў СК, Лукашэнка зноў тэлефанаваў Пуціну. Найважнейшае за 24 жніўня


На акцыі салідарнасьці ў Горадні 24 жніўня
На акцыі салідарнасьці ў Горадні 24 жніўня

Чальца прэзыдыюму Каардынацыйнай рады па транзыце ўлады Вольгу Кавалькову даставілі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна ў Менску, паведамляецца на яе старонцы ў Фэйсбуку. Сёньня раніцай чальцоў прэзыдыюму КР Кавалькову і Сяргея Дылеўскага затрымалі на прахадной Менскага трактарнага заводу супрацоўнікі АМАПу і зьмясьцілі ў аўтазак. Дзе цяпер Дылеўскі, невядома.

Затрыманага раніцай 24 жніўня сустаршыню страйкаму «Беларуськалію» Анатоля Бокуна асудзілі за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве. Далі 675 рублёў штрафу.

Служба аховы Менскага заводу колавых цягачоў затрымала старшыню страйкаму прадпрыемства Аляксандра Лаўрыновіча. Пазьней Радыё Свабода атрымала інфармацыю, што Лаўрыновіча завезьлі ў ізалятар на вуліцы Акрэсьціна ў Менску.

Паўла Латушку і Сьвятлану Алексіевіч выклікалі ў Сьледчы камітэт у справе аб закліках да «захопу ўлады», як чальцоў прэзыдыюму Каардынацыйнай Рады па транзыце ўлады.

Сьвятлана Ціханоўская абмеркавала палітычны крызіс у Беларусі з намесьнікам дзяржаўнага сакратара ЗША Стывэнам Бігэнам. Сустрэча Ціханоўскай і Бігэна адбылася ў Вільні. Пасьля гэтага амэрыканскі дыплямат ляціць у Маскву.

Міністэрства абароны Беларусі спыніла парушальнікаў паветранай прасторы Беларусі з боку Літвы. Імі былі 8 паветраных балёнікаў з надпісамі «Жыве Беларусь» і «Лукашэнка — сыходзь».

Лукашэнка загадаў звальняць настаўнікаў, якія «перакінуліся ў іншы лягер».

Лукашэнка і Пуцін зноў стэлефанаваліся, «працягнулі абмеркаваньне сытуацыі ў Беларусі». Паводле БелТА, бакі абмеркавалі сытуацыю ўнутры нашай краіны і на зьнешнім контуры, асабліва на заходнім напрамку. Гэта ўжо пятая тэлефонная размова Пуціна і Лукашэнкі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў наконт сытуацыі ў Беларусі.

Міністэрства фінансаў РФ прапануе абмежаваць дзяржкрэдыты для Беларусі, Вэнэсуэлы і Кубы.

Масква канстатуе, што дзеяньні мітынгоўцаў у Беларусі не прыводзяць да сутычак з праваахоўнікамі, заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў. Ён выказаў надзею, што сутыкненьняў удасца пазьбягаць і далей. На пытаньне «Ці лічаць у Крамлі адэкватным палёт Лукашэнкі з аўтаматам?» Пяскоў адказваць адмовіўся.

Дзяржаўны сакратар Рады бясьпекі Беларусі Андрэй Раўкоў параіў удзельнікам пратэстаў эміграваць.

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі прысвоіў беларускаму сьпеваку Сяргею Міхалку званьне «Заслужаны артыст Украіны».

Арганізацыя бясьпекі і супрацоўніцтва ў Эўропе зноў прапанавала ўладам Беларусі пасярэдніцтва ў вырашэньні ўнутрыпалітычнага крызісу.

Калі Беларусь ня выйдзе з палітычнага крызісу, Фінляндыя гатовая пераняць менскую частку хакейнага чэмпіянату сьвету. Пра гэта паведаміў прэзыдэнт Фінскай хакейнай асацыяцыі Гары Нумэль.

Расейскі апазыцыянэр Аляксей Навальны стаў ахвярай узьдзеяньня таксычнага рэчыва. Пра гэта заявіла сёньня бэрлінская клініка Charite, дзе Навальны праходзіць лячэньне.

Дональд Трамп афіцыйна вылучаны кандыдатам у прэзыдэнты ЗША на выбарах, якія адбудуцца ў лістападзе 2020 году, ад рэспубліканскай партыі. Цырымонія вылучэньня прайшла ў першы дзень працы Нацыянальнага кангрэсу партыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG