Міністэрства фінансаў Расеі падрыхтавала правілы, якімі, у выпадку зацьвярджэньня, будзе кіравацца РФ пры выдачы дзяржкрэдытаў іншым краінам. На агульных падставах на іх атрыманьне ня змогуць прэтэндаваць Беларусь, Армэнія, Вэнэсуэла і Куба, паведамляе агенцтва РБК.
Такі звод правілаў падрыхтаваны ўпершыню, яго выпрацоўкі вымагалі папраўкі ў расейскі Бюджэтны кодэкс, прынятыя ў жніўні 2019 году.
Паводле РБК, калі правілы прадастаўленьня дзяржкрэдытаў будуць зацьверджаныя ў тым выглядзе, што прапануе расейскае Міністэрства фінансаў, некалькі традыцыйных даўжнікоў Расеі, у тым ліку Беларусь, больш ня змогуць працягваць запазычваць у яе грошы па агульных правілах. У якасьці патэнцыйных атрымальнікаў крэдытаў ня будуць разглядацца:
- дзяржавы, якія знаходзяцца ў стане ваенных канфліктаў і сацыяльна-палітычных крызісаў;
- дзяржавы, у дачыненьні да якіх дзейнічаюць падтрыманыя Расеяй санкцыі ААН, якія прадугледжваюць абмежаваньні на прадастаўленьне зьнешняга фінансаваньня; дзяржавы, якія дапусьцілі дэфолт па сваіх зьнешніх пазыковых абавязацельствах;
- дзяржавы, аднесеныя Арганізацыяй эканамічнага супрацоўніцтва і разьвіцьця (АЭСР) да шостай і ніжэй групаў краінавай крэдытнай рызыкі;
- дзяржавы з доўгатэрміновым крэдытным рэйтынгам ніжэйшым за B- (Standard & Poor’s, Fitch) або B3 (Moodyʼs Investors Service).
- Дзяржавы, дзе за папярэднія тры месяцы сярэдні кошт сувэрэнных крэдытных дэфолтных свопаў (CDS) у далярах ЗША на тэрмін дзесяць гадоў перавышае 800 базісных пунктаў паводле дадзеных Bloomberg.
РБК не тлумачыць, які з гэтых пунктаў тычыцца Беларусі.