Нобэлеўскую ляўрэатку, пісьменьніцу Сьвятлану Алексіевіч выклікалі 26 жніўня на 14:00 у Сьледчы камітэт у якасьці сьведкі ў крымінальнай справе, заведзенай па факце стварэньня Каардынацыйнай рады, якая нібыта заклікала да захопу ўлады, паведаміла прэс-служба штабу Віктара Бабарыкі.
Сьвятлана Алексіевіч уваходзіць у лік сямі ўдзельнікаў прэзыдыюму Каардынацыйнай рады. Як распавяла Марыя Калесьнікава, праз стан здароўя яна ня можа ўдзельнічаць непасрэдна ў працы прэзыдыюму, але знаходзіцца на пастаяннай сувязі.
Раней у гэтай справе дапыталі іншых сяброў прэзыдыюму Рады Максіма Знака і Сяргея Дылеўскага. На 15 гадзін 24 жніўня на допыт была выклікана Лілія Ўласава.
На 10 раніцы 25 жніўня ў Сьледчы камітэт выклікалі экс-дырэктара Купалаўскага тэатру Паўла Латушку.
20 жніўня Генпракуратура завяла на Каардынацыйную раду крымінальную справу паводле артыкулу 361 Крымінальнага кодэксу.
Паводле Генпракурора Аляксандра Канюка, дзейнасьць Каардынацыйнай рады «накіраваныя на захоп дзяржаўнай улады, а таксама на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусі».
Рада сьцьвярджае, што яе дзейнасьць законная:
«У сувязі з публічнай заявай генеральнага пракурора А. У. Канюка аб узбуджэньні крымінальнай справы паводле арт. 361 КК РБ па факце стварэння Каардынацыйнай рады, лічым неабходным яшчэ раз пацьвердзіць, што мэты Каардынацыйнай рады і спосабы дасягненьня гэтых мэтаў выразна выкладзены ў Рэглямэнце Каардынацыйнай рады і прынятай рэзалюцыі.
Усе мэты і спосабы зьяўляюцца законнымі, заснаванымі на Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь.
Сябры Каардынацыйнай рады не распаўсюджвалі заклікі да захопу дзяржаўнай улады, або гвалтоўнага зьмяненьня канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь, або здрады дзяржаве, цi ажыццяўленьню акту тэрарызму або дывэрсіі, або да зьдзяйсьненьня іншых дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь», — заявіла Каардынацыйная рада.