Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Геаграфія выбараў: У якіх пратэставых гарадах незалежны падлік галасоў выявіў найбольшую анамалію


Напярэдадні выбараў, 8 жніўня
Напярэдадні выбараў, 8 жніўня

Свабода ўважліва праглядзела вынікі незалежнага падліку галасоў ад плятформаў «Голас», zubr.in і ініцыятывы «Честные люди».

Дзякуючы сумеснай працы платформаў «Голас», zubr.in і «Честные люди» ўдалося атрымаць і апрацаваць выніковыя пратаколы з 1310 выбарчых участкаў сярод 5767 па ўсёй Беларусі. У афіцыйных пратаколах 1 875 998 выбарнікаў, што складае 32,2% ад 5 818 955 тых, хто прагаласаваў.

У тых 1310 выніковых пратаколах, якія атрымалі ініцыятывы, Сьвятлана Ціханоўская набрала 81% галасоў. Але дадзеныя Цэнтравыбаркаму зусім іншыя, паводле іх 80% набраў Аляксандар Лукашэнка па ўсёй краіне. Глядзім, дзе зьвесткі разышліся найбольш.

Пратэставыя гарады

Жабінка

Пасьля выбараў у гэтым невялікім горадзе з 14 тысячамі жыхароў прайшлі пратэсты супраць вынікаў выбараў. Родам з Жабінкі загінулы ў Берасьці падчас пратэстаў 11 жніўня Генадзь Шутаў.

На ўчастку для галасаваньня № 7, а гэта Жабінкаўскі цукровы завод, паводле ЦВК Аляксандар Лукашэнка перамог і набраў 880 галасоў. Але на плятформу «Голас» не прыйшоў ніводны сфатаграфаваны бюлетэнь за яго і ніводны голас. За Сьвятлану Ціханоўскую прыйшло 146 галасоў і 76 сфатаграфаваных бюлетэняў. Паводле камісіі, у яе толькі 72 галасы.

Горадня

У Горадні пасьля выбараў зьбіраліся мітынгі на дзясяткі тысяч чалавек, пратэстоўцы вымусілі гарадзкія ўлады пайсьці на саступкі: дазволіць зьбірацца, даць апаратуру, але пасьля кіраўніцтва гораду адмовілася ад гэтых саступак.

Акцыя салідарнасьці ў гародні 20 жніўня
Акцыя салідарнасьці ў гародні 20 жніўня

Незалежныя плятформы маюць зьвесткі зь некалькіх участкаў, на некаторых зь іх перамагла Ціханоўская, але гэта рэдкія выпадкі. На ўчастку № 66, а гэта 15-я сярэдняя школа, незалежныя плятформы падліку атрымалі 460 галасоў за Ціханоўскую і 283 фатаздымкі бюлетэняў з голасам за яе. Але камісія налічыла тут Ціханоўскай 307 галасоў, а Лукашэнку 1483, хаця «Голас» атрымаў за яго толькі 6 пацьверджаных галасоў і адзін фатаздымак бюлетэню.

Жодзіна

У гэтым буйным прамысловым цэнтры пратэсты пачаліся яшчэ 9 жніўня, але пазьней, калі стала вядома пра дзеяньні сілавікоў на акцыях, да пратэстаў далучыліся працоўныя БелАЗу, якія прыгразілі ўладам страйкам і выставілі патрабаваньні спыненьня гвалту і адстаўкі Лукашэнкі.

Сустрэча кіраўніка Жодзіна з работнікамі БелАЗ
Сустрэча кіраўніка Жодзіна з работнікамі БелАЗ

На ўчастку № 3 у Жодзіне альтэрнатыўныя плятформы падліку галасоў атрымалі 239 галасоў за Ціханоўскую, 133 зь іх маюць пацьверджаньні на фатаздымках. Але паводле камісіі за Ціханоўскую там аддалі толькі 78 галасоў. Паводле зьвестак той жа камісіі, Лукашэнка набраў тут 864 галасы, а альтэрнатыўныя плятформы маюць за яго 3 галасы і 1 фатаздымак бюлетэню.

Салігорск

Салігорскія шахтары вось ужо некалькі дзён як выходзяць на вуліцу, пагражаюць страйкам і поўным спыненьнем працы, а калі будуць рэпрэсіі — галадоўкай. Участак № 2 у Салігорску быў у 2-й сярэдняй школе. За Ціханоўскую на плятформе «Голас» аддаў галасы 371 чалавек, зь іх 207 маюць пацьверджаньне фатаздымкамі, а камісія налічыла за яе 220 галасоў, за Лукашэнку 1878, хоць за яго альтэрнатыўныя плятформы маюць на гэтым участку толькі 8 галасоў. А ў суседнім з Салігорскам аграгарадку Краснадворцы перамагла Ціханоўская нават у вэрсіі выбарчай камісіі, набраўшы 427 галасоў.

Менск

Найбольш людзей на акцыі пратэсту зьбіралася ў Менску, дзе мінулай нядзеляй на вуліцы выйшлі сотні тысяч чалавек. І тут на ўчастках былі свае анамаліі. У такіх раёнах, як Новая Баравая ці ў прыгарадзе Менску — Бараўлянах, у вэрсіі выбарчых камісіяў перамагла Ціханоўская.

У сталічнай гімназіі № 34 у раёне Кіеўскага сквэру альтэрнатыўныя плятформы падліку галасоў мелі 362 галасы за Ціханоўскую, зь іх 242 маюць фотапацьверджаньне, а камісія напісала ёй 150 галасоў. За Лукашэнку ж, паводле камісіі, прагаласавалі 523 чалавекі, а на альтэрнатыўных плятформах за яго аддалі толькі 3 галасы.
А праз пару кварталаў, у 95-й школе на вуліцы Гая, у вэрсіі камісіі перамагла Ціханоўская, набраўшы 707 галасоў супраць 428 у Лукашэнкі. Такі розны электарат у адным раёне і ўсяго цераз 2 вуліцы.

Месцы Лукашэнкі

Шклоў

З аграгарадку Александрыя, які лічыцца радзімай Лукашэнкі, у плятформаў няма зьвестак, але ёсьць зьвесткі з горада Шклова, з 7-га выбарчага ўчастку. Плятформа «Голас» атрымала з гэтага ўчастку 33 галасы за Ціханоўскую і 22 фоткі бюлетэняў, дзе абазначаны голас за Ціханоўскую. У вэрсіі выбарчай камісіі за Ціханоўскую тут толькі 8 галасоў, а за Лукашэнку 720, хоць ніводнага голасу ці фатаздымку бюлетэня плятформа «Голас» за яго не атрымала.

Астрашыцкі Гарадок

У Астрашыцкім Гарадку хадзіў у школу Мікалай Лукашэнка, малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. На 80-м участку для галасаваньня ў Астрашыцка-Гарадоцкім доме культуры выбары выгуляла Сьвятлана Ціханоўская, набраўшы 480 галасоў супраць 280 за Лукашэнку.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG