Самых актыўных удзельнікаў страйкавага руху ўжо пачалі звальняць. Дзевяць работнікаў МАЗу атрымалі распараджэньні аб скасаваньні іх працоўных кантрактаў, паведамляе «Онлайнер».
На мінулым тыдні МАЗ далучыўся да пратэстаў. Тады больш за тысячу чалавек сустрэліся з кіраўніцтвам і вылучылі патрабаваньні. У панядзелак столькі ж людзей сабраліся каля галоўнага канвэеру. Але далей актыўнасьць пайшла на спад.
«Зачынялі ў цэхах, запалохвалі», — расказаў Сямён Фядотаў, які да таго паўгода адпрацаваў сьлесарам у цэху зборкі аўтамабіляў № 4.
Ад 14 жніўня Сямён і яшчэ восем калегаў абвесьцілі страйк і перасталі працаваць.
«Менш чым за тыдзень нам удалося прыпыніць канвэер, цяпер там стаяць дзясяткі несабраных машын. Начальства ўгаворвала іншых папрацаваць звышурочна і ў выходныя, але ніхто не пагаджаўся», — расказаў Сямён Фядотаў.
20 жніўня ўсіх страйкоўцаў звольнілі паводле арт. 53 Працоўнага кодэксу за невыкананьне працоўных абавязкаў. Пра гэта ёсьць адпаведныя запісы ў працоўных кніжках. Як лічыць Сямён Фядотаў, гэта паказальнае звальненьне самых актыўных.