Прэзыдэнт Малі Ібрагім Бубакар Кейта абвясьціў аб сыходзе са сваёй пасады, адстаўцы ўрада і роспуску парлямэнту. Кейта заявіў пра гэта ў тэлевізійным звароце празь некалькі гадзін пасьля таго, як у аўторак ён і прэм’ер-міністар краіны Бубу Сісо былі арыштаваныя мяцежнымі вайскоўцамі.
Страйк на Беларуськаліі. АМАП каля МТЗ. RT на БТ. Што адбываецца на 11-ы дзень пратэстаў
Кейта сказаў, што ня хоча кровапраліцьця ў краіне дзеля таго, каб застацца ва ўладзе.
Спроба вайсковага перавароту пачалася зь перастрэлкі ў аўторак раніцай на вайсковай базе Каці ў прыгарадзе сталіцы Малі Бамака. Пасьля захопу вайсковага лягеру мяцежнікі пайшлі маршам на сталіцу. Яны ўзялі штурмам рэзыдэнцыю прэзыдэнта, дзе знаходзіўся таксама прэм’ер-міністар, і арыштавалі абодвух.
Мяцеж ўжо асудзілі прадстаўнікі Афрыканскага саюзу, Эканамічнай супольнасьці краін Заходняй Афрыкі і Францыі, ад якой Малі атрымала незалежнасьць у 1960 годзе. Генэральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш заклікаў да неадкладнага вызваленьня кіраўніцтва краіны і аднаўленьня канстытуцыйнага парадку.
У Малі з пачатку лета працягваецца палітычны крызіс, выкліканы патрабаваньнямі апазыцыі адправіць у адстаўку прэзыдэнта, які займае сваю пасаду з 2013 году. Яго папярэднік прыйшоў да ўлады ў выніку дзяржаўнага перавароту, а затым сам быў зрынуты падчас пратэстаў.