Цяпер за кратамі ў Беларусі застаюцца 44 арыштаваныя за ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах, паведаміла прэс-сакратарка МУС Вольга Чамаданава. Паводле зьвестак парталу Tut.by, 58 чалавек дагэтуль ня могуць знайсьці.
Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што беларускае войска на заходняй межы прыведзенае ў поўную баявую гатоўнасьць. Паводле яго, прысутнічае скаардынаваная зьнешняя пагроза ў дачыненьні да Беларусі.
Сёньня ў Менску прайшло першае пасяджэньне Каардынацыйнай рады Сьвятланы Ціханоўскай.
Аляксандар Лукашэнка назваў каардынацыйную раду Ціханоўскай спробаю захопу ўлады «з усімі наступствамі, якія вынікаюць». Ён заявіў, што ў раду ўвайшлі «былыя прыкарытнікі», «пакрыўджаныя», «адкрыта адвязаныя нацысты».
Два буйныя прамысловыя прадпрыемствы Беларусі цалкам спынілі працу. Гэта салігорскі «Беларуськалій» і жлобінскі Беларускі мэталюргічны завод (БМЗ). Пазьней на БМЗ працу часткова аднавілі. На МАЗе, МТЗ, МЗКЦ і іншых працу прыпыніла частка супрацоўнікаў.
Старшыня Беларускага кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандар Ярашук заклікаў стварыць Нацыянальны страйкавы камітэт (НСК). І ад яго імя ўступіць у дыялёг наўпрост з уладнымі структурамі пра транзыт улады ў краіне.
У Магілёве і Гомлі прайшлі мітынгі ў падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб узнагароджаньні» за «ўзорнае выкананьне службовых абавязкаў». Ва ўказе на 25 старонках пералічваюцца сілавікі з рознымі функцыямі: ад выкладчыкаў Акадэміі МУС і сьледчых да кіроўцаў аўтазакаў і байцоў АМАП.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін сёньня абмеркаваў беларускае пытаньне з канцлерам Нямеччыны Ангелай Мэркель і прэзыдэнтам Францыі Эманюэлем Макронам. Ён папярэдзіў суразмоўцаў наконт недапушчальнасьці ўмяшаньня ва ўнутраны канфлікт у Беларусі. Канцлер Мэркель выказала меркаваньне аб неабходнасьці спыніць перасьлед мірных маніфэстантаў і распачаць дыялёг паміж уладай і грамадзкасьцю.
Вашынгтон у зручны момант будзе весьці дыялёг з Масквой наконт падзей у Беларусі, заявіў сёньня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп. Пры гэтым ён адзначыў, што ў Беларусі, «здаецца, ня вельмі шмат дэмакратыі». Таксама ён падкрэсьліў, што акцыі пратэсту ў Беларусі праходзяць мірна.
Горадзенскія ўлады задаволілі патрабаваньні дэманстрантаў, але два чалавекі застаюцца за кратамі
1. Мітынгаваць цяпер можна на цэнтральных плошчах Горадні. Улады будуць дапамагаць з тэхнічным забесьпячэньнем.
2. Міліцыя просіць прабачэньня ў затрыманых за ўдзел у пратэстах і кажа, што ўсе яны вызваленыя. Аднак за кратамі застаюцца Дзьмітры Ціт і Сяргей Рымша, на якіх заведзеныя крымінальныя справы. Крымінальны перасьлед у іх дачыненьні ўлады 17 жніўня абяцалі спыніць, аднак яны яшчэ ў зьняволеньні.
3. Апазыцыі дадуць тэлеэфір.
4. Абяцаюць не караць удзельнікаў забастоўкі. Але работнікі розных прадпрыемстваў па-ранейшаму скардзяцца на ціск з боку кіраўніцтва за жаданьне баставаць.