18 жніўня ў Магілёве машына зьбіла ўдзельніка апазыцыйнага мітынгу, які праходзіць ля Магілёўскага гарвыканкаму.
Відавочцы кажуць, што за стырном была дзяўчына, якая спачатку дэманстравала пальцамі зьняважлівыя жэсты, а потым паехала на чырвонае сьвятло і зьбіла аднаго ўдзельніка, а другі ўскочыў на машыну і на ёй праехаў з паўкілямэтра. Абодва зьбітыя не пацярпелі. Кіроўца зьехала. Выклікалі супрацоўнікаў ДАІ.
Некаторыя кажуць, што на каленях у жанчыны ляжаў чырвона-зялёны сьцяг. Цяпер перад гарвыканкамам сабраліся да трох тысяч чалавек. Яны адмовіліся ісьці мітынгаваць на пляцоўку перад лядовым палацам, якую афіцыйна ім вылучыў гарвыканкам, каб «не сутыкаць ілбамі» з удзельнікамі праўладнага мітынгу.
Пратэстоўцы сталі ўздоўж праезнай часткі і выгукаюць традыцыйныя для апошніх дзён лёзунгі.
Сёньня ў Магілёве таксама праходзіць праўладны мітынг за Аляксандра Лукашэнку.