13 жніўня Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ «Аб узнагароджаньні» за «ўзорнае выкананьне службовых абавязкаў».
Ва ўказе на 25 старонак пералічваюцца сілавікі з рознымі функцыямі: ад выкладчыкаў Акадэміі МУС і сьледчых да кіроўцаў аўтазакаў і байцоў АМАП.
Мэдалём за бездакорную службу I ступені Аляксандар Лукашэнка ўзнагародзіў намесьніка камандуючага ўнутранымі войскамі палкоўніка Хазалбека Атабекава. Унутраныя войскі разам з АМАП бралі ўдзел у жорсткіх разгонах дэманстрантаў 9–12 жніўня.
Сярод уганараваных і трое кіроўцаў аўтазакаў і 9 супрацоўнікаў ізалятараў па ўсёй Беларусі. Але гэта супрацоўнікі раённых ізалятараў, наглядчыкаў з Акрэсьціна сярод іх няма.
Сярод узнагароджаных таксама 8 службоўцаў атраду асобнага прызначэньня, то бок АМАПу, зь Менску ды іншых гарадоў.
9–12 жніўня ўнутраныя войскі і АМАП бралі ўдзел у разгоне дэманстрацый, яны прымянялі сьвятлашумавыя гранаты, сьлезацечны газ і гумовыя кулі. Затрыманыя сьведчаць пра бесчалавечнае стаўленьне, пабоі, зьнявагі. Многія трапілі з ізалятараў і РАУСаў адразу ў шпіталі.