Павал Якімчык 11 жніўня ўвечары вяртаўся дадому. Убачыў АМАП, пабег — атрымаў тры раненьні гумовымі кулямі і быў жорстка зьбіты ў міліцэйскім бусіку.
«Жыву я ў раёне Каменнай Горкі на вуліцы Бурдзейнага. Увечары каля крамы „Алмі“ ўбачыў невялікую колькасьць пратэстоўцаў і аўтобус з АМАПам. Да дому было мэтраў 200. Я хутка пабег. Але літаральна за 30 мэтраў ад дому ўпёрся ў мікрааўтобус з АМАПам. Як мінімум трое байцоў накінуліся на мяне, пачалі лупцаваць дубінкамі. Кінулі на падлогу мікрааўтобуса», — кажа Павал.
Ён тлумачыў, што вяртаўся дадому, хацеў паказаць пашпарт з прапіскай, але на гэта АМАПаўцы не зьвярталі ўвагі. Падабралі яшчэ некалькі «пасажыраў». Таксама пабілі.
«Ва ўсіх праверылі тэлефоны — на прадмет тэлеграм-каналаў і чатаў, глядзелі, ці ёсьць фота з пратэстаў. Задавалі пытаньні. Галаву падымаць было небясьпечна, бо адразу ж білі. Зьдзекаваліся, пагражалі. Мне ў аўтобусіку дасталася менш, некаторых білі больш жорстка, хоць мяне першым узялі, а дапытвалі апошнім.
У аўтобусе з АМАПам яны выкарыстоўвалі для рацыі пазыўны „501“ — можа, хтосьці са сьведак, хто таксама быў у гэтым бусіку, адгукнецца. Я кажу, што моцна баліць рука, нямее. Яны ў адказ: зараз дадамо яшчэ. Праз 10 хвілін я зноў пачаў енчыць, што вельмі баліць. Адзін кажа: здымай байку. Убачыў, што рука прастрэленая», — узгадвае Павал.
Спрабавалі выклікаць хуткую дапамогу, але злавілі тую, што міма праяжджала. Хуткая завезла Паўла ў вайсковы шпіталь, у хірургічнае аддзяленьне № 2. Экстранна праапэравалі.
«Адна гумовая куля трапіла ў перадплечча — пранікальнае раненьне. Было яшчэ два датычныя раненьні — у вобласьць грудзей і ў лапатку. Мабыць, пашанцавала, бо калі б корпус быў пад іншым вуглом, магло быць значна горш.
Дактары шпіталя ставіліся да нас добра. У некаторых спэцыфічны вайсковы гумар: маўляў, «вы бегаеце дзе ня трэба, а потым вас зашывай». Заадно зашылі мне і вуха (раней рабілі касмэтычную апэрацыю, і калі зьбівалі, швы разышліся), — кажа Павал.
Супрацоўнікі Сьледчага камітэту да яго не прыходзілі. Хоць тыя, хто трапіў у вайсковы шпіталь з кулявымі і аскепачнымі раненьнямі ў самы вечар сутыкненьняў 9 жніўня, расказвалі, што іх дапытвалі па тры разы за ноч. Колькі чалавек было ў аддзяленьні, дакладна сказаць ня можа.
«Мабыць, пару дзясяткаў. Але ў мяне склалася ўражаньне, што некаторыя застануцца інвалідамі. Са мной у палаце ляжаў хлопец, які сыгналіў. Яго спынілі, пагражалі агнястрэльнай зброяй. Калі ён выйшаў, яму стрэлілі ў нагу.
У маю палату з рэанімацыі перавезьлі параненага на Пушкінскай кіроўцу аўтобуса. Ён быў у даволі цяжкім стане, з трубкамі, катэтэрамі. Але да яго пусьцілі здымачную групу АНТ», — кажа Павал.
Малады чалавек знаходзіўся ў вайсковым шпіталі з 11 па 14 жніўня.