Моцныя апёкі, аскепачныя раненьні, раненьні гумовымі кулямі — людзі з такімі пашкоджаньнямі знаходзяцца ў вайсковым шпіталі. Ёсьць сур’ёзна траўмаваныя дзяўчаты. Некаторым аказалі дапамогу і раніцай адпусьцілі дадому. Днём 10 жніўня ў другім хірургічным аддзяленьні было 26 параненых.
Карэспандэнтка Свабоды трапіла ў галоўны вайскова-мэдычны клінічны цэнтар №432 Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь і паразмаўляла з шасьцю пацярпелымі.
Вячаслаў: «Лекары выказвалі ўдзячнасьць за грамадзянскую пазыцыю»
Вячаслаў прыкладна ў 22.30 падышоў да стэлы, там было вельмі шмат народу.
«Я калі падышоў, чуў выбухі, але людзі нікуды ня беглі. Я стаяў даволі блізка да шэрагаў праваахоўнікаў. Доўгі час людзі практычна ня рухаліся, хтосьці выставіў сьмецьцевыя кантэйнэры. Не было ні нападаў, ні правакацый. Людзі крычалі: «Мы за мір», «Міліцыя з народам»
Праз пэўны час даволі блізка — мэтры тры ад нас — выбухнула першая сьвятлашумавая грамата. Народ спалохаўся, спрабаваў уцячы, але людзей было шмат, і бегчы было складана. Потым былі яшчэ два выбухі. Гэты трэці ўзарваўся адразу ж за мной. Мне аскепкамі «зрашэціла» ўсю сьпіну. Некалькі аскепкаў у сьпіне і ў левай руцэ ззаду. Абгарэлі валасы.
Майка ператварылася ў лахманы. Я дрэнна чуў, кроў цякла. Зьняў майку, шукаў хуткую — бачыў дзьве машыны, але ў момант выбуху іх не аказалася побач», — расказвае Вячаслаў.
Каля стэлы ён быў са сваёй дзяўчынай. Дзяўчына стаяла крыху ззаду і не пацярпела. Яна выклікала хуткую, чакалі машыну хвілін 25.
«Пакуль чакалі, хлопцы далі перакіс вадароду, бінты. Хлопец з мэдпрэпаратамі мне сьпіну абліў перакісам і забінтаваў. Прыехала хуткая, тады ўжо перабінтавалі нармальна і завезьлі ў вайсковы шпіталь, — кажа Вячаслаў.
Уначы да мяне прыходзілі людзі са Сьледчага камітэту. Спачатку адзін, запісаў дадзеныя, сфатаграфаваў раны. Потым прыйшоў другі, калі я задрамаў. Прачнуўся — у мой твар камэра, я спрабаваў схаваць твар. Потым яшчэ адзін сьледчы прыйшоў, зноў пра ўсё перапытаўся», — кажа Вячаслаў.
Раніцай дыягнаставалі разрыў барабаннай перапонкі — і левага, і правага вуха. Як хутка зарасьце — доктар ня ведае. Сказаў са спачуваньнем, што бывае па-рознаму. Але абнадзеіў.
Малады чалавек кажа, што дактары ставяцца да параненых з разуменьнем і спачуваньнем. Лекары выказвалі ўдзячнасьць за грамадзянскую пазыцыю.
«Я не чакаў, што будуць страляць па людзях. Бачыў, як людзей палівалі вадой, але ня моцным струменем, а так пяшчотна — са шлянгу, як кветачкі. У мэгафоны нічога не казалі, не папярэджвалі, што пойдуць на народ. Правакацый не было. Я ў шоку ад усяго гэтага», — з горыччу кажа Вячаслаў.
Сяргей: У машыне хуткай ужо ляжала жанчына са зьнявечаным тварам. А на падлозе хлопец, траўмаваны куляй у жывот
50-гадовы Сяргей жыве побач са «стэлай». Кажа, што ён чалавек цалкам апалітычны, ніколі ня ходзіць ні на парады, ні на апазыцыйныя мітынгі. Расказвае, калі праходзяць парады ці іншыя ўрадавыя мерапрыемствы, яго прымушаюць зачыніць усе форткі, і на дахах суседніх дамоў ён часьцяком бачыў снайпэраў.
У нядзелю ўвечары мужчына проста выйшаў у краму, прайшоў з боку вуліцы Гвардзейскай праз двары, не выходзячы на праспэкт Машэрава, бо там было вельмі шмат людзей.
«Калі ішоў, чуў выбухі, стрэлы. Выйшаў з тарца супэрмаркета «Бігз» і хуценька пабег у краму. Тут нешта моцна груканула зусім побач. Адчуваю, што нага не ідзе.
Дзяўчына мяне падвяла да хуткай, якая стаяла непадалёк. У машыне хуткай дапамогі ўжо ляжала жанчына са зьнявечаным тварам. А на падлозе ляжаў хлопец, траўмаваны куляй у жывот», — расказвае Сяргей.
Яго прывезьлі ў вайсковы шпіталь. У мужчыны моцна траўмаваная нага – гумовая куля глыбока пранікла ў тканкі.
Сяргей: «У ноч зь нядзелі на панядзелак у 2-ю хірургію завезьлі 26 чалавек»
Сяргей таксама жыве побач са стэлай і таксама пайшоў у нядзелю ўвечары ў краму. З боку Камсамольскага возера ішлі ў поўнай экіпіроўцы байцы АМАПу.
«Спачатку ўбачыў палівачную машыну – але гэта быў не вадамёт. Яны не канкрэтна палівалі моцным струменем, а проста пяшчотна пырскалі са шлянгу. А калі пайшоў АМАП — тыя ўжо канкрэтна дубасілі людзей. Пачалі кідаць сьвятлашумавыя гранаты — менавіта ад іх у людзей апёкі і такія крывавыя раны. Калі пачалі страляць, я падумаў, што трэба вярнуцца ў бок дома, Гвардзейскай. Але калі я павярнуўся, наляцеў ня ведаю хто — АМАП, САХР, міліцыя. Сёньня чалавек са Сьледчага камітэту, які нас дапытваў, сказаў, што гэта ўсё ж была міліцыя.
І гэта было жудасна: такія ж людзі, як і мы! Першы біў, астатнія хапалі людзей. Я не пасьпеў апамятацца, як «злавіў» гумовую кулю. Дзякуй хлопцам і дзяўчатам, яны не разгубіліся, выклікалі хуткую. Спачатку мог хадзіць, але рана глыбокая, тканкі разарваныя, вельмі баліць», – кажа Сяргей.
Кулю Сяргей пакуль пакінуў сабе, бо разумее, што хлопцам будуць інкрымінаваць арганізацыю масавых беспарадкаў, злоснае хуліганства. Лекары хуткай дапамогі хацелі забраць кулю, але ён не аддаў.
Сяргей кажа, што ў ноч зь нядзелі на панядзелак у 2-ю хірургію завезьлі 26 чалавек, ёсьць і сур’ёзна параненыя дзяўчаты. Адной вельмі моцна дасталася — пашкоджаныя рукі, ногі, твар. У дзьвюх іншых — раненьні ног. Параненая ў ногі і адна замежніца.
Віктар: «Кідалі ў натоўп гранаты без папярэджаньняў, была вельмі страшна»
Віктар у нядзелю ўвечары быў каля моста празь Сьвіслач, бліжэй да Тэатру опэры і балету. Там ужо стаялі байцы АМАПу са шчытамі. Яны праз гукаўзмацняльнікі папярэджвалі, што будуць прымененыя спэцсродкі, узгадвае Віктар.
«Я пачаў адыходзіць. Пачуў выбух, пабег. Кідалі ў натоўп гранаты без папярэджаньняў, было вельмі страшна». Побач зь ім разарвалася сьвятлашумавая граната.
«Нага ў крыві. Я кульгаю туды, дзе нядаўна бачыў хуткую. Ніводнай машыны хуткай ужо не было. Але я пабачыў хлопца ў камізэльцы «хуткай дапамогі», ён некаму аказваў дапамогу. Яны пайшлі да машыны таксі. Я за імі. Людзі крычалі: «Тут яшчэ адзін пацярпелы!» Перавязалі і мяне. А ў 1.17 прывезьлі ў шпіталь. У мяне аскепачныя раненьні, моцны апёк нагі», – расказвае Віктар.
Хлопец кажа, што людзі былі настроеныя мірна, пастаянна крычалі «Міліцыя з народам», «Армія з народам».
Кірыл: «80% за Лукашэнку — гэта ўжо перабор. А яшчэ зладзілі тут Паўночную Карэю з адключэньнем інтэрнэту»
Кірыл увечары ў нядзелю быў на скрыжаваньні праспэкту Машэрава і вуліцы Даўмана. Там вельмі доўга стаялі байцы АМАПу са шчытамі, а ззаду — вадамёты. Якраз недалёка ад гэтага месца кіроўца 44-га аўтобуса перагарадзіў дарогу, і людзі пасьпелі адыйсьці далей ад вайскоўцаў. Але і там рваліся гранаты.
«Аскепкі сьвятлашумавой гранаты трапілі мне ў нагу. У мяне шматлікія рваныя раны на назе, даволі глыбокія. Баліць, вядома ж.
Ад 3-й да 6-й гадзіны раніцы да нас прыходзілі супрацоўнікі Сьледчага камітэту і дапытвалі кожнага па некалькі разоў.
Мы ў шоку ад таго, што адбываецца ў краіне. 80% за Лукашэнку — гэта ўжо перабор. А яшчэ зладзілі тут Паўночную Карэю з адключэньнем інтэрнэту», — абураецца Кірыл.
Мікалай: «Тут шмат людзей з кулявымі раненьнямі. Але ў мэдкарце пішуць, што раненьні аскепачныя»
У Мікалая раненьне гумовай куляй у патыліцу. Ён сьцьвярджае, што тыя, хто страляў гумовымі кулямі, былі і на мосьце празь Сьвіслач і на скрыжаваньні праспэкта Пераможцаў з вуліцай Даўмана. Сваю кулю ён «злавіў» на скрыжаваньні Машэрава і Даўмана.
«Тут, у вайсковым шпіталі, шмат людзей з кулявымі раненьнямі. Але пішуць у мэдкарце, што раненьні аскепачныя», — абураецца Мікалай.
Больш карэспандэнтцы Свабоды паразмаўляць з хлопцамі не ўдалося: давялося ўцякаць, бо малады доктар прыгразіў выклікаць ахову. Не ўдалося наведаць і параненых дзяўчат: у той час яны былі на працэдурах і абсьледаваньнях.