У Менску разьвіталіся з Аляксандрам Тарайкоўскім — пратэстоўцам, які загінуў падчас разгону дэманстрацыі каля станцыі мэтро «Пушкінская» 10 жніўня. Да станцыі мэтро прыйшлі тысячы людзей, каб ушанаваць хвілінай маўчаньня памяць аб забітым.
Сотні супрацоўнікаў БТ заявілі, што гатовыя пачаць страйк, калі дзяржаўная тэлевізія не перастане хлусіць і не пачне паказваць праўды пра тое, што адбываецца ў Беларусі. Іх падтрымалі тысячы людзей, якія сабраліся перад будынкам дзяржаўнай тэлевізіі. Каля будынку і ў будынку зьявіліся байцы ўнутраных войскаў з аўтаматамі.
У Горадні 10-тысячны мітынг прыняў зварот з патрабаваньнем адстаўкі Лукашэнкі.
Некалькі тысяч жыхароў Гомля зладзілі мітынг пад сьледчым ізалятарам, патрабуючы вызваленьня арыштаваных.
У вячэрнім выпуску навінаў на БТ Лукашэнка назваў сытуацыю на заходніх межах напружанай і заявіў, што дасьць даручэньне перакінуць зь Віцебску ў Горадню паветрана-дэсантную брыгаду.
БелТА паведаміла, што Лукашэнка дамовіўся з Пуціным, што на першы ж запыт Расея акажа дапамогу па арганізацыі бясьпекі Беларусі.
Лукашэнка падчас нарады ў Цэнтры стратэгічнага кіраваньня Міністэрства абароны заявіў, што ў Беларусі ёсьць свой урад, а краінам, якія спрабуюць выступаць пасярэднікамі, варта навесьці парадак у сябе.
Дырэктар Менскага заводу колавых цягачоў Аляксей Рымашэўскі на сустрэчы з рабочымі прызнаў, што Аляксандар Лукашэнка ня выйграў на прэзыдэнцкіх выбарах 9 жніўня.
Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч, кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы, заклікаў улады распачаць канструктыўны дыялёг з грамадзтвам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх нявінных грамадзян, затрыманых на мірных акцыях.