Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў — цяжкі грэх. Мітрапаліт Тадэвуш Кандрусевіч зьвярнуўся да ўладаў


Тадэвуш Кандрусевіч
Тадэвуш Кандрусевіч

Кіраўнік Беларускай каталіцкай царквы заклікаў улады распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян.

«Людзі маюць права ведаць праўду​»

«Я зьвяртаюся да дзейнага прэзыдэнта Аляксандра Лукашэнкі і да ўсіх, хто ў нашай дзяржаве выконвае ўладу на розных узроўнях.

Наша Бацькаўшчына перажывае складаны час, які, на вялікі жаль, ужо азмрочаны пралітаю крывёю, тысячамі затрыманых і жорстка зьбітых мірных жыхароў, якія хочуць ведаць праўду пра прэзыдэнцкія выбары, што адбыліся 9 жніўня.

Бог стварыў нас свабоднымі. Па-сапраўднаму свабоднымі нас робіць праўда, кажа Хрыстус (пар. Ян 8, 32–36). Людзі маюць права ведаць праўду, якую нельга прыносіць у ахвяру, каб дагадзіць чыімсьці палітычным ці каньюнктурным інтарэсам. Збаўца вучыць нас: «Няхай будзе слова вашае „так“— „так“, „не“ — „не“. А што звыш гэтага, тое ад злога» (Мц 5, 37). А д’ябал — чалавеказабойца, ілгун і бацька хлусьні (пар. Ян 8, 44)»

«Цяжкі грэх на сумленьні тых, хто аддае злачынныя загады»

«Пралітая кроў на вуліцах нашых гарадоў, зьбіцьцё людзей, якія выйшлі на мірныя дэманстрацыі, таму што хочуць ведаць праўду, жорсткае абыходжаньне зь імі і ўтрыманьне ў нялюдскіх умовах у месцах зьняволеньня — цяжкі грэх на сумленьні тых, хто аддае злачынныя загады і чыніць насільле.

Усё гэта вядзе да дэстабілізацыі і згубных падзелаў у нашым грамадстве. Колькі часу — магчыма, нават не адно пакаленьне — спатрэбіцца для таго, каб загаіць нанесеныя зьнявагаю праўды раны, калі брат падняў руку на брата?!

Таму перад намі цяжкі і няпросты шлях пакаяньня, духоўнага і маральнага ачышчэньня, без чаго немагчыма пераадоленьне грамадзка-палітычнага крызісу.

У імя такога неабходнага міру ў нашай Айчыне і нацыянальнай згоды, я зьвяртаюся да дзяржаўных уладаў Рэспублікі Беларусь з заклікам распачаць канструктыўны дыялог з грамадствам, спыніць гвалт і неадкладна вызваліць усіх затрыманых на мірных акцыях нявінных грамадзян.

Няхай Міласэрны Бог прыме ў сваё Валадарства ахвяраў гэтай нацыянальнай трагедыі. Няхай аздаравіць параненых. Няхай суцешыць смуткуючых. Няхай адорыць міралюбны і памяркоўны беларускі народ сваім супакоем. Няхай умацуе ў ім дар любові да бліжняга, каб дабром перамагаць зло.

Апякунка Беларусі Маці Божая Будслаўская, ахоўвай і абараняй нас.

З малітваю аб дабры для нашай Бацькаўшчыны і найхутчэйшым вырашэньні канфлікту,

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч Мітрапаліт Менска-Магілёўскі, Старшыня Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі

Менск, 14 жніўня, 2020 г.»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG