У Горадні на плошчы Леніна да 15 гадзін сабраліся каля 10 тысяч чалавек зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, балёнікамі, плякатамі «Лукашэнку ў адстаўку».
Людзі скандуюць «Лукашэнка, сыходзь!» Прадстаўнік прыватнай кампаніі «Тэразіт» заклікаў гарадзенцаў да італьянскага страйку (калі людзі працуюць вельмі марудна), страйкаў, а таксама насіць белыя бранзалеты.
Гарадзенцы занесьлі свае патрабаваньні ў гарвыканкам. Гэта зварот аб’яднанага штабу Сьвятланы Ціханоўскай, Віктара Бабарыкі і Валера Цапкалы. Пад ім пачалі падпісвацца калектывы горадзенскіх прадпрыемстваў, грамадзкія арганізацыі, дэмакратычныя сілы.
Патрабаваньні зачыталі са сцэны на мітынгу на плошчы Леніна ў Горадні.
У звароце заклік да «неадкладнай адстаўкі» Аляксандра Лукашэнкі, кіраўнікоў МУС і АМАП, адстаўкі і арышту старшыні ЦВК, вызваленьня палітвязьняў. У звароце таксама заклік ставарыць Раду народнага даверу Горадні з удзелам уладаў, гарантаваць свабоду сходаў.