Аляксандар Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі ёсьць свой урад, а краінам, якія спрабуюць выступаць пасярэднікамі, варта навесьці парадак у сябе.
Падчас нарады ў Цэнтры стратэгічнага кіраваньня Міністэрства абароны Лукашэнка выказаўся пра ўнутрыпалітычную сытуацыю, перадае БелТА.
«Працягваюць разгойдваць абстаноўку, наша грамадзтва. Дабраліся да працоўных калектываў. Хачу ў чарговы раз сказаць: з гэтага нічога не атрымаецца. Краіну мы нікому не аддамо. Сытуацыю ўтрымаем. Я не хачу сказаць, што ёсьць месца для нейкай заспакоенасьці. Не, мы ніколі не супакойваліся. Жыцьцё такое і лёс, што мы, знаходзячыся ў цэнтры Эўропы, заўсёды павінны быць гатовымі адказаць на любыя выклікі».
Аляксандар Лукашэнка адзначыў, што за мяжой прапануюць «пасярэдніцтва», ствараюць замежны ўрад і г. д.
«Слухайце, у нас ёсьць нармальны ўрад, створаны паводле Канстытуцыі. Нам не патрэбныя ніякія замежныя ўрады, ніякія пасярэднікі. Ня крыўдзячы кіраўніцтва гэтых рэспублік, хачу сказаць: вы ў сябе парадак навядзіце», — параіў ён.
Паводле Лукашэнкі, ніякі ўрад за мяжой, дзе б ён ні быў, кіраваць краінай ня будзе.