Лінкі ўнівэрсальнага доступу

7 параненых у крытычным стане. Валянтэры сабралі зьвесткі аб парушэньнях правоў удзельнікаў мірных пратэстаў


Валянтэры грамадзкага аб’яднаньня «Зьвяно» адшукалі ў лякарнях Менску 120 чалавек і апыталі 30 пацярпелых, якія атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасьці. У некаторых выпадках ёсьць аўдыё- або відэаматэрыялы.

На момант падрыхтоўкі справаздачы вядома пра 7 параненых, яны ў крытычным стане ў рэанімацыі. Апыталі работнікаў хуткай дапамогі і пацярпелых, якія знаходзяцца ў вайсковым шпіталі, лякарні хуткай мэдычнай дапамогі, 6-й гарадзкой клінічнай лякарні, 2-й гарадзкой клінічнай лякарні.

Права на жыцьцё

Сілавыя структуры выкарысталі агнястрэльную зброя супраць удзельнікаў пратэстаў, што сьведчыць аб наўмысным пазбаўленьні жыцьця людзей. Пра агнястрэльныя раненьні паведаміла брыгада хуткай дапамогі, якая працавала ў ноч з 10 на 11 жніўня ў раёне мэтро «Пушкінская». Пацярпелых ад агнястрэльных раненьняў яны адвозілі ў вайсковы шпіталь.

Кіроўца машыны хуткай дапамогі паведаміў, што прынамсі тры чалавекі загінулі ў гэтым раёне. Улады паведамілі толькі пра адну ахвяру — Аляксандра Тарайкоўскага. Выклікае шмат пытаньняў вэрсія МУС, бо на відэа відаць, што ў чалавека ў руках нічога не выбухае, а гіне ён ад стрэлу з агнястрэльнай зброі. Афіцыйнае расьсьледаваньне сьмерці ўдзельніка пратэсту не распачата, ніякіх сьледчых дзеяньняў не вядуць, сьведак здарэньня ніхто не шукаў.

Таксама з агнястрэльным раненьнем у рэанімацыі 4-га гарадскога шпіталя знаходзіцца чалавек, які паступіў у ноч з 9 на 10 жніўня.

Неаказаньне мэдычнай дапамогі

Ёсьць сведчаньні людзей, якія трапілі ў лякарні зь пераломамі рэбраў, рук і іншымі траўмамі, пры якіх патрабуецца неадкладная мэдычная дапамога. Усе яны сьцвярджаюць, што дапамогу аказалі праз 6-12 гадзін пасьля атрыманьня траўмы, некаторым толькі пасьля страты прытомнасьці.

Аднаго чалавека вывезьлі на «хуткай» толькі таму, што ён не зьмясьціўся ў аўтазак. Ён быў затрыманы каля 21-й гадзіны 11 жніўня ў раёне Ўручча, а ў лякарню хуткай дапамогі прыбыў праз суткі. Увесь гэты час яму не аказвалі дапамогі. Паводле яго, многія людзі, зьмешчаныя ў аўтазак, былі ў цяжкім стане.

Таксама арганізацыя зьвяртае ўвагу на факт сьмерці ў Гомлі, калі памерлы зьвяртаўся па дапамогу і яму адмовілі. Таксама не праводзілі расьсьледаваньне і адмовілі ў судова-мэдычнай экспэртызе, каб дазнацца прычыны сьмерці.

Права на асабістую свабоду

Большасьць пацярпелых заяўляюць пра сваё затрыманьне без падставаў. Гэта тычыцца ня толькі мірных дэманстрантаў, затрымлівалі таксама пешаходы, кіроўцы, раварысты, якія знаходзіліся побач з сваім домам. Пры гэтым сваякам не паведамлялі пра затрыманьні.

Пацярпелыя сьцьвярджаюць, што сілавікі патрабавалі пароль ад мабільнага тэлефона і праглядалі асабістую інфармацыю. Тэлефоны забіралі ў адзін пакет, не фіксуючы прыналежнасьць. Большасьць не атрымала іх назад. Пацярпелыя сьведчаць, што не супраціўляліся пры затрыманьні, аднак іх жорстка зьбівалі. У аўтазаку, РУУС і ІЧУ людзі былі на каленях, стаялі каля сьцяны альбо ляжалі ў шэрагах, па якіх прымушалі ісьці новых затрыманых. Цягам 6-12 гадзін не дазвалялі выйсьці ў прыбіральню, не давалі вады і ежы. Некаторыя заставаліся ў перапоўненых аўтазаках на санцапёку больш за 6 гадзін.

У ІЧУ людзей у майках з «Пагоняй» аблівалі вадой і ўжывалі электрашокер, некаторых прымушалі зьесьці белыя бранзалеты, ёсьць паведамленьні пра ўнутрыцяглічныя іньекцыі, каб не пакідаць сьлядоў зьбіцьця. Адной пацярпелай давалі псыхатропныя лекавыя прэпараты, пасьля чаго яна не магла гаварыць і адчувала цяжкасьці з дыханьнем.

Многія кажуць пра пагрозы забойствам і згвалтаваньнем, прыстаўленьнем да галавы зброі, распрананьнем дагала і пакіданьнем на вуліцы. На просьбы аб мэдычнай дапамозе або вадзе міліцыянты адказвалі ўдарамі. Сьведкі сьцьвярджаюць, што тыя адпрацоўвалі ўдары «па мэтадычцы»: адзін трымаў захопленага, другі казаў, як яго павярнуць.

Незаконнае ўжываньне сілы

Многія пацярпелыя атрымалі раненьні і апёкі ад сьвятлашумавых гранатаў. Гранаты кідалі проста ў людзей або ў непасрэднай блізкасьці ад іх. Наўмысна закідвалі гранаты ў аўтамабіль — ёсьць сьведчаньні, што салдат унутраных войскаў разьбіў бакавое шкло.

Таксама чалавек атрымаў траўмы, калі выйшаў на дарогу забраць параненага. Калі наблізіўся да ляжачага мужчыны, у яго паляцелі гранаты з боку сілавікоў. Многія траўмы ад гумовых куляў, у тым ліку з блізкай адлегласьці. Удалося адшукаць пацярпелага, у якога ў назе захрасла ня толькі куля, а і гільза. Яго спынілі на вуліцы Ракасоўскага. Пагражаючы зброяй, скамандавалі выйсьці з машыны і стрэлілі ў сьцягно з адлегласьці аднаго мэтра.

Раварыст быў затрыманы ля стэлы 10 жніўня, падчас затрыманьня яму зламалі дручком вачніцу. Пасьля затрыманьня людзей перавозілі зь мяхамі на галовах, у ІЧУ прымусілі паўзьці на каленях з аўтазаку да будынку каля 150 мэтраў і ўвесь час зьбівалі. Грошы, якія ён меў пры сабе, забраў міліцыянт.

Адсутнасьць праўных сродкаў абароны

Ніводзін пацярпелы ня змог зьвярнуцца да адваката. Многіх адпускалі зьехаць на «хуткай» толькі пры ўмове падпіскі, дзе чалавек згаджаўся, што супраціўляўся міліцыі. Вядомыя факты, калі пасьля звароту па дапамогу прадстаўнікі ўлады вывозілі пацярпелых у невядомым кірунку. Асьцерагаючыся абяцанага крымінальнага перасьледу, многія пацярпелыя ня хочуць зьвяртацца па дапамогу ў мэдычныя ўстановы.

Зафіксаваны факт парушэньня правоў непаўналетняга, які трапіў у лякарню ў ноч з 7 на 8 жніўня. На яго напалі супрацоўнікі праваахоўных органаў у раёне плошчы Перамогі, ударылі дручком па галаве, адвезьлі ў РУУС. Там доўгі час не аказвалі дапамогу і зь яго тэлефона адказвалі маці, што зь ім усё ў парадку. Калі па яго прыехаў бацька, то выклікаў «хуткую», і дзіця паклалі ў шпіталь хуткай дапамогі. 10 жніўня да яго ў палату прыйшоў прадстаўнік Сьледчага камітэту і апытваў без адваката і дазволу бацькоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG