Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Прымушалі сьпяваць гімн, хто ня ведаў — зьбівалі». У Берасьці вызвалены зь міліцыі падлетак заявіў пра катаваньні


Мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Берасьці
Мітынг кандыдаткі ў прэзыдэнты Сьвятланы Ціханоўскай у Берасьці

У рэдакцыю Свабоды зьвярнуўся жыхар Берасьця Павал Д. і расказаў пра факты зьдзекаў з затрыманых падчас акцыяў пратэсту. Прозьвішча рэдакцыі вядомае.

Берасьцеец расказаў, што ўвечары 11 жніўня быў затрыманы ягоны малодшы брат-падлетак Раман. За некалькі гадзін, пакуль сваякі займаліся ягонымі пошукамі, юнак перажыў сапраўдны шок.

Паколькі месцаў у ізалятарах ужо няма, затрыманых павезьлі ў гаражы, дзе захоўваецца міліцэйская тэхніка. Фактычна іх ператварылі ў падпольныя катавальні, кажа Раман.

«Трымалі ў гаражы на каленях з рукамі за галавой, памяшканьне было забітае цалкам — так разумею, у камэрах папросту бракуе месцаў. Зьбіваюць безупынна, сапраўдны садызм. Параўнальна зь іншымі я атрымаў у косьці можа ня так моцна, але ад бездапаможнасьці перад гэтай невытлумачальнай сілай проста хацелася плакаць».

Калі назаўтра Раман з бацькамі і братам прыйшлі на судова-мэдычную экспэртызу, то сустрэлі многіх падлеткаў з таго гаражу, усе моцна зьбітыя. Павал кажа, што на падставе зафіксаванага пабіцьця накіраваная заява ў Сьледчы камітэт.

«Калі ў ноч на 12 жніўня нам яго аддалі, адразу ж раніцай пайшлі фіксаваць пабіцьцё і ў судмэдэкспэртызе пазнаёміліся з такімі ж гаротнікамі. Куча дзяцей па 15-16 гадоў зьбітыя на горкі яблык. Але на гэтым вычварэнцы не спыняюцца. Катуюць шокерамі, прымушаюць сьпяваць афіцыйны гімн Беларусі, а калі хто ня ведае словаў, дубасяць нагамі і дручкамі. Дзіцёнку 15 гадоў, а ён увесь сіні ад пабояў, зьдзекуюцца, як нейкія гестапаўцы», — не хавае абурэньня Павал.

За паўгадзіны, пакуль мэдыкі фіксавалі пабіцьцё ягонага брата, у чаргу сталі яшчэ пяць чалавек. І цягам дня ідуць усё новыя і новыя ахвяры міліцэйскага гвалту.

«Дзяцей хапаюць проста на вуліцы, калі нават і блізка няма ніякіх акцыяў. Гойсаюць па дварах, як тыя сабакі, нэўтралізуюць у запас. Спыняюць моладзь пад маркай праверкі заплечнікаў ці кішэняў, прымушаюць адкрыць тэлефон. Чапляюцца да любога кантэнту, а затым скручваюць і зьбіваюць да страты прытомнасьці», — кажа жыхар гораду Павал.

Рэакцыя МУС

Прэсавы сакратар МУС Беларусі Вольга Чамаданава выслухала ад карэспандэнта Свабоды інфармацыю пра гэты выдапак у Ленінскім РАУС Берасьця, яна паведаміла, што паступаюць і іншыя скаргі на ўжываньне гвалту, яна іх фіксуе і перадае кіраўніцтву ведамства, абяцала рэакцыю пазьней.

Раман Д. перастаў выходзіць на сувязь увечары 11 жніўня, толькі ўначы сям’і затэлефанавалі зь міліцыі, каб прыехалі і забралі свайго «непаўналетняга апазыцыянэра». Як кажа Павал, брата проста выкінулі на вуліцу — ніякіх пратаколаў ніхто не складаў, пратрымалі як закладніка. Вопісу маёмасьці таксама не было, таму даказаць зьнікненьне мабільнага тэлефона не было як.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG