З турмы на Акрэсьціна вызвалены аглядальнік Радыё Свабода Віталь Цыганкоў і ягоная жонка, доктарка Вольга. Іх сустракалі сын Багуслаў і Валеры Астапаў, бацька Вольгі.
Увечары 12 жніўня ў Менску пасьля акцыі пратэсту мэдыкаў супраць гвалту сілавікоў былі затрыманыя Віталь і Вольга Цыганковы. Пра месца іх знаходжаньня не было вядома цягам амаль содняў.
Віталь — аналітык, палітычны аглядальнік Радыё Свабода. Вольга — высокакваліфікаваны лекар-эндаскапіст з больш чым 20-гадовым стажам. Разам зь дзьвюма сотнямі калегаў яны далучыліся да «ланцуга салідарнасьці» побач з будынкам мэдычнага ўнівэрсытэту. Да пратэстоўцаў выйшаў міністар аховы здароўя Ўладзімер Каранік, які заклікаў абмеркаваць сытуацыю ў актавай залі ВНУ, але ўдзельнікі яго праігнаравалі.
Калі Цыганковы пакідалі месца збору, іх машыну, якой кіравала Вольга, спынілі супрацоўнікі ДАІ. Ведаючы, як апошнімі днямі абыходзяцца з кіроўцамі, яна сказала, што пакажа дакумэнты праз шыбу. Але інспэктары патрабавалі выйсьці, адзін пачаў размахваць пісталетам на ўзроўні галавы кіроўцы.
Яна паспрабавала зьехаць, пачалася пагоня. У выніку Цыганковых заблякавалі. Праваахоўнікі выцягнулі з салёну Віталя і зьбілі. Затым абодвух даставілі ў РУУС Маскоўскага раёну, дзе сувязь зь імі зьнікла амаль на содні.
Падрабязнасьці свайго знаходжаньня ў ізалятары часовага ўтрыманьня Віталь Цыганкоў абяцае расказаць пазьней.