Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аграгарадку Лебедзеве АМАП жорстка зьбіў і затрымаў мясцовага дэпутата і трох грамадзян


У Лебедзеве АМАП затрымліваў і зьбіваў жыхароў, якія несьлі калектыўную заяву ў сельвыканкам. 12 жніўня 2020 г.
У Лебедзеве АМАП затрымліваў і зьбіваў жыхароў, якія несьлі калектыўную заяву ў сельвыканкам. 12 жніўня 2020 г.

Жыхары аграгарадку Лебедзева Маладачанскага раёну несьлі калектыўную заяву старшыні сельскага выканкаму Тамары Дудзіч. Але не данесьлі — некалькіх жыхароў разам з дэпутатам жорстка зьбілі і затрымалі.

Мясцовыя актывісты напярэдадні разьвесілі ў Лебедзеве абвесткі пра тое, што 12 жніўня а 12-й гадзіне каля новай крамы на ростанях будзе сход, на якім жыхары абмяркуюць тэкст калектыўнай заявы ў адрас старшыні мясцовага выканкаму Тамары Дудзіч. Запрасілі на сход і журналістаў маладачанскай «Рэгіянальнай газеты».

«АМАП мацюкаўся. Больш за ўсё нецэнзурнай лаянкі было ў бок дэпутата Грымаця»

Намесьніца галоўнага рэдактара Зоя Хруцкая і фотакарэспандэнтка Настасься Уткіна сталі сьведкамі падзеі.

«Каля крамы сабраліся каля 20 чалавек, дэпутат Аляксандар Грымаць зачытаў зварот да старшыні Лебедзеўскага сельскага выканкаму Тамары Дудзіч, каб тая зьвярнулася да старшыні Маладачанскага райвыканкаму з заклікам спыніць гвалт з абодвух бакоў, каб людзі вырашалі ўсе пытаньні мірна. Сутнасьць звароту такая: і ў невялікіх паселішчах людзей вельмі хвалюе сытуацыя ў краіне», — расказала Зоя Хруцкая.

Людзі рушылі ў бок сельвыканкаму. Празь некалькі хвілін дарогу перагарадзіў сіні бусік, адтуль выскачылі людзі ў поўным экіпаваньні і сталі зьбіваць мужчын. Жанчын не чапалі. Але журналістам загадалі схаваць камэру і не здымаць.

«АМАПаўцы вельмі шмат мацюкаліся. Больш за ўсё нецэнзурнай лаянкі было ў бок дэпутата Грымаця. Яны крычалі: „С..а, ты што, краіну разваліць захацеў?!“ Людзей забралі і зьвезьлі — хутчэй за ўсё, у Маладачанскі РАУС», — кажа відавочца падзеяў журналістка Зоя Хруцкая.

Прэс-служба абласной міліцыі: «Паступіла інфармацыя аб правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу ў Лебедзеве»

Прэс-служба ўпраўленьня ўнутраных справаў Менскага аблвыканкаму на просьбу Свабоды зьвязалася з Маладачанскім РАУС.

«Нам патлумачылі, што паступіла інфармацыя аб правядзеньні несанкцыянаванага мітынгу ў Лебедзеве. Там сабраліся больш за 10 чалавек. У выніку былі затрыманыя 4 чалавекі, усе мужчыны, жанчын не затрымлівалі. Яны зараз знаходзяцца ў Маладачанскім РАУС, ідзе разбор», — паведаміў Свабодзе Сяргей Чабатароў, начальнік аддзяленьня інфармацыі і грамадзкіх сувязяў УУС Менскага аблвыканкаму.

«Дэпутата вельмі паважаюць. А старшыня выканкаму зрывала абвесткі пра сход»

Мабільны тэлефон дэпутата Аляксандра Грымаця недаступны.

«Дэпутата Аляксандра Аляксандравіча Грымаця ў нас вельмі паважаюць, ён раней працаваў у міліцыі, быў участковым у Лебедзеве. Два гады таму звольніўся зь міліцыі. Працаваў і ў школе. Вельмі актыўны, неабыякавы чалавек», — расказала Свабодзе пра Грымаця мясцовая жыхарка, якая прасіла яе не называць.

Яна таксама паведаміла, што бачыла на ўласныя вочы, як старшыня сельскага выканкаму Тамара Дудзіч зрывала абвестку пра сход.

Старшыня Лебедзеўскага сельскага выканкаму Тамара Дудзіч не здымае слухаўку службовага тэлефона, сакратарка зь ёй не злучае. Кажа, што на тэрыторыі ідзе рамонт і старшыня яго прымае.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG