Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень пратэстаў у Беларусі. Галоўнае. Фота, відэа


У Менску і яшчэ больш як у дзесяці гарадах Беларусі трэці дзень працягваюцца масавыя пратэсты ў сувязі з абвяшчэньнем Аляксандра Лукашэнкі пераможцам на прэзыдэнцкіх выбараў.

УЖЫВУЮ Выбары-2020. Трэці дзень пратэстаў: брутальныя затрыманьні. Што адбываецца ў Беларусі >>

Найбольш масавыя пратэсты праходзяць у сталіцы, але выступы, сутыкненьні і разгоны адбываліся і ў Асіповічах, Берасьці, Ваўкавыску, Горадні, Жабінцы, Лідзе, Нясьвіжы, Ракаве, Фаніпалі. Дэманстранты выйшлі на пратэст, нягледзячы на відэазварот кандыдаткі Сьвятланы Ціханоўскай, запісаны ў будынку Цэнтральнай выбарчай камісіі і зачытаны ёй з паперкі. Ціханоўская цяпер знаходзіцца ў Літве — штаб сьцьвярджае, яе вывезьлі прадстаўнікі ўлады.

Калі ў Менску 9 жніўня пратэст і брутальны разгон шматтысячнай дэманстрацыі адбыўся ў цэнтры гораду, ля Стэлы і на Нямізе, 10-га — у блізкіх да цэнтру мікрараёнах, побач з мэтро «Пушкінская» і гандлёвым цэнтры «Рыга», то 11 жніўня эпіцэнтры супраціву перайшлі ў больш аддаленыя раёны гораду: Уручча, Каменная горка, Серабранка, парк Паўлава. Пратэсты 11 жніўня сталі менш люднымі, у іх удзельнічалі па некалькі соцень чалавек у кожным з названых месцаў. Кіроўцы працягвалі падтрымліваць пратэстоўцаў сыгналамі, але ўжо менш актыўна, чым у ранейшыя дні.

Вечарам на цэнтральныя плошчы, да адміністрацыйных будынкаў, да Стэлы і на месца сьмерці дэманстранта ля «Пушкінскай» людзей не пускала вялікая колькасьць сілавікоў. Чакалася, што «Пушкінская» магла стаць асноўным месцам пратэсту: цэлы дзень туды несьлі кветкі, чаплялі на агародкі белыя стужкі.

Сем станцыяў мэтро былі закрытыя ў розны час, у тым ліку «Пушкінская». Апошняя была закрытая, заблякаваная АМАПам, там пачаліся першыя затрыманьні — з 19 да 20 гадзіны карэспандэнт Свабоды бачыў там ня менш за 10 затрыманьняў, у тым ліку непаўналетняга раварыста — яго адмаўляліся вызваліць, але замест яго ў машыну сілавікоў сеў бацька.


У Каменнай горцы і Серабранцы дэманстранты перагароджвалі вуліцы, спрабавалі збудаваць барыкады са спадручных сродкаў, якія сілавікі хутка разьбіралі.

Гучалі шматлікія выбухі шумавых гранатаў, страляніна чэргамі, людзі ў адказ запускалі фэервэркамі, кідалі з вокнаў дамоў бутэлькі з вадой. АМАП разганяў дэманстрантаў на вуліцах і ў дварах. Асноўныя пратэсты адбыліся да 1-й гадзіны ночы, але працягваліся і пасьля — а палове на другую пачаліся ў Малінаўцы.

Флэшкі з рабочымі матэрыяламі забіраюць у фатографаў
Флэшкі з рабочымі матэрыяламі забіраюць у фатографаў

Ва Ўруччы і на Каменнай горцы, паведамлялі пра «мэтавыя» жорсткія затрыманьні і зьбіваньні матацыклістаў і кіроўцаў аўтамабіляў, у тым ліку з элемэнтамі пагоні. Таксама матацыклістаў затрымлівалі ў цэнтры гораду. У Каменнай горцы паведамлялі, што сілавікі стралялі прыцэльна па вокнах гумовымі кулямі. Як і ў папярэднія дні, затрымлівалі і зьбівалі журналістаў, адбіралі карты памяці, у тым ліку ў Менску разьбілі камэру журналісту Associated Press Сяргею Грыцу, намагаліся разьбіць камэру карэспандэнтаў BBC, жорстка зьбілі ў Горадні журналістаў Яна Романа, Руслана Кулевіча, Алеся Дзянісава. Затрыманьне галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Ягора Марціновіча сілавікі пацьвердзілі, але дзе ён, невядома. Невядомы і лёс шэрагу затрыманых журналістаў у Менску.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG