Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дырэктар школы напісаў заяву на звальненьне ў дзень выбараў. Ён быў старшынём участковай камісіі


Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах у Менску
Ілюстрацыйнае фота. Галасаваньне на прэзыдэнцкіх выбарах у Менску

Яўген Макарэвіч працаваў дырэктарам 22 гады. На ўчастку, дзе ён быў старшынём камісіі, перамогу ў выбарах прэзыдэнта Беларусі атрымала Сьвятлана Ціханоўская.

Яўген Макарэвіч праводзіць у школе адзіны дзень інфармаваньня «ШАГ — школа актыўнага грамадзяніна», 2019 год
Яўген Макарэвіч праводзіць у школе адзіны дзень інфармаваньня «ШАГ — школа актыўнага грамадзяніна», 2019 год

У дзень выбараў 9 жніўня дырэктар сярэдняй школы № 5 Маладэчна Яўген Макарэвіч напісаў заяву на звальненьне з уласнага жаданьня. Ён узначальваў выбарчую камісію на Старамесным участку № 29. Пасьля падліку галасоў на ім перамагла Сьвятлана Ціханоўская з вынікам 741 голас. У дзейнага кіраўніка дзяржавы Аляксандра Лукашэнкі было на 121 голас менш — 620.

«Я ўжо ўсё, што мог сказаць, сказаў, — заявіў у размове з Свабодай Яўген Макарэвіч. — Я зараз у адпачынку і не хачу вяртацца да гэтага бруду, да гэтага ўсяго, што адбылося. Я напісаў заяву на звальненьне ў дзень выбараў, але яе мне пакуль не падпісалі. Таму напісаў новую — на адпачынак. Пакуль я ў адпачынку. Сёньня зьехаў за горад».

Як патлумачыў Свабодзе Яўген Макарэвіч, ён быў у аддзеле кадраў раённага аддзелу адукацыі. Там яму сказалі, што заява на звальненьне з пасады дырэктара не зарэгістраваная. Ніхто ня ведае, дзе яна цяпер.

«Ці хачу я працаваць далей у школе? На сёньня нічога не магу сказаць, — кажа Яўген Макарэвіч. — Як будуць складвацца абставіны далей, там буду глядзець. Ці зьвязаны мой учынак з тым, як праходзілі выбары? Хутчэй за ўсё я выгараў для ўсіх тых справаў. Мне хочацца нейкага спакою. 22 гады адпрацаваў дырэктарам, хочацца спакою».

З словаў дырэктара школы № 5 Маладзечна, яму не званілі з райвыканкаму альбо іншых уладных органаў пасьля таго, як ён здаў пратакол галасаваньня на сваім участку ў раённую камісію. Спадар Макарэвіч, аднак, прызнае, што выбары сёлета праходзілі незвычайна.

«Напружанасьць была своеасаблівая ў дзень выбараў. Напэўна, гэта паспрыяла ўсяму. Мы здалі пратакол (падліку галасоў на выбарчым участку. — РС) у раённую камісію. Што зрабілі, тое зрабілі. Як там хто лічыў нашыя галасы, я ня ведаю. Але мы свой пратакол здалі».

Прэзыдэнцкія выбары 2020 году для Яўгена Макарэвіча сталі ня першымі, на якіх ён кіраваў выбарчай камісіяй. Расказваць пра ранейшыя кампаніі настаўнік ня стаў.

Згодна з афіцыйным паведамленьнем, перамогу на выбарах 9 жніўня з вынікам больш за 80% атрымаў Аляксандар Лукашэнка. Сьвятлана Ціханоўская набрала крыху больш за 10% галасоў. Яе штаб лічыць вынікі сфальсыфікаванымі і называе Ціханоўскую сапраўднай пераможцай. Колькасьць участкаў па ўсёй краіне, на якіх перамагла Сьвятлана Ціханоўская, расьце. Іх ужо больш за сотню. Канчатковыя вынікі выбараў абвесьцяць у пятніцу 14 жніўня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG