Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«На вашым „сьвяце“ тыранія, гвалт», — дырыжор Сьпівакоў адмовіўся ад ордэна, якім яго ўзнагародзіў Лукашэнка


Уладзімір Сьпівакоў
Уладзімір Сьпівакоў

Савецкі і расейскі дырыжор і скрыпач Уладзімір Сьпівакоў адмовіўся ад ордэна Францішка Скарыны, які ўручыў яму Аляксандар Лукашэнка, паведамляе «Коммерсант».

Народны артыст СССР заявіў, што яму сорамна насіць ордэн, зьвязаны з кіраўніком, які стварыў «для свайго народу ўмовы жыцьця, несумяшчальныя з гуманізмам і дэмакратыяй». Пра гэта ён напісаў у адкрытым лісьце да кіраўніка Беларусі.

Уладзіміра Сьпівакова ўзнагародзілі ордэнам Францішка Скарыны ў 2014 годзе за асаблівыя заслугі ў галіне гуманітарнай і дабрачыннай дзейнасьці, посьпехі на глебе нацыянальна-дзяржаўнага адраджэньня, а таксама абароне чалавечай годнасьці і правоў грамадзянаў Беларусі. Узнагарода заснаваная ў 1995 годзе, за 25 гадоў ёю адзначылі 230 чалавек, вялікая частка зь іх — грамадзяне Расеі.

«Сёньня на вашым „сьвяце“ пануе цемрашальства, тыранія, гвалт і бясконцыя прыклады крайняй жорсткасьці, зь якой улады душаць волевыяўленьне мноства грамадзянаў па ўсёй краіне... Сёньня маё сэрца б’ецца ва ўнісон з народам Рэспублікі Беларусі, які правамерна патрабуе выкананьня элемэнтарных правоў і свабодаў, уключаючы права на мірныя пратэсты. Таму ў сытуацыі, якая склалася, я вымушаны адмовіцца ад ордэна, якім Вы мяне раней узнагародзілі. Мне сорамна яго насіць, паколькі гэта зьвязана з Вашым кіраваньнем», — напісаў дырыжор.

«Ваша „чорная“ сіла — гэта Ваша велізарная слабасьць. Людзі нараджаюцца для таго, каб іх любілі, а не прыніжалі і, тым больш, калечылі. Вы, імаверна, чулі пра тое, што „тыя, што плачуць, суцешацца“? Так і будзе!» — напісаў музыка.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.


Уладзімір Сьпівакоў нагадаў, што шмат разоў выступаў у Менску і іншых гарадах Беларусі, а 10 гадоў таму заснаваў фэстываль «Уладзімір Сьпівакоў запрашае».

11 сакавіка 2014 року Сьпівакоў падпісаў калектыўны зварот да расейскай грамадзкасьці «Дзеячы культуры Расеі — у падтрымку пазыцыі Прэзыдэнта [Пуціна] па Ўкраіне і Крыме».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG