Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Гомлі не хапае месца ў турмах, сваякі шукаюць інфармацыю пра затрыманых


Сваякі шукаюць інфармацыю пра затрыманых у Гомлі? 12 жніўня
Сваякі шукаюць інфармацыю пра затрыманых у Гомлі? 12 жніўня

Зьбівалі дзяўчат. У камэрах сядзяць па чатыры на адным ложку. Жыхары Гомля расказваюць пра стаўленьне міліцыі да затрыманых пасьля выбараў 9 жніўня. Паводле неафіцыйных зьвестак, у Гомельскай вобласьці затрымалі ня менш як 700 чалавек.

У Гомлі — чэргі ля ізалятару часовага ўтрыманьня і сьледчага ізалятару. Затрыманым на акцыях пратэсту не хапае месца ані ў ІЧУ, ані ў СІЗА. Арыштаваных развозяць адбываць пакараньне ў ІЧУ раённых цэнтраў.

Сваякі затрыманых, якія цяпер стаяць пад ІЧУ, апавядаюць пра зьбіцьцё людзей міліцыяй, пра зьдзекі зь іх у СІЗА.

«Адзін чалавек выйшаў з СІЗА, яму прысудзілі штраф. Ён кажа, што да суду ня кормяць, людзі суткі ці двое сядзяць галодныя. Перадачы да суду не дазволеныя. Сядзяць па чатыры чалавекі на адным ложку, бо месцаў не хапае, ніхто ня можа спаць», —- са сьлязьмі расказала маці аднаго з затрыманых.

Іншая жыхарка Гомля прыйшла перадаць рэчы сваім сябрам. Іх затрымалі 10 жніўня.

«Іх моцна зьбівалі ў Савецкім РАУС. Адзін з нашых сяброў вызваліўся і сказаў, што ў Савецкім РАУС іх разьмеркавалі па кабінэтах, туды ўрываліся нейкія ці міліцыянты, ці вайскоўцы, і моцна іх білі», - сказала дзяўчына.

Дзьве дзяўчыны, Маргарыта і Лізавета, распавялі, што іх білі ў міліцыі. Маргарыту выцяла па шчацэ супрацоўніца міліцыі, пры гэтым усяляк абражаючы. 18-гадовую Лізу ўдарыў супрацоўнік АМАП, бо яна адмовілася назваць пін-код тэлефону.

Сваякоў затрыманых абурае практычна поўная адсутнасьць інфармацыі. Зьвесткі пра затрыманых не даюць ані ў ІЧУ, ані ў аддзелах міліцыі.

32-гадовы сын Радзівон прыехаў на кароткі адпачынак з-за мяжы. 10 жніўня быў у цэнтры гораду і трапіў пад хапун.

«Толькі сёньня даведалася, што майму сыну прысудзілі 10 сутак і ён у СІЗА. Цяпер спрабуем перадаць яму рэчы — яго забралі ў лёгкай вопратцы, ён алергік, яго жыцьцё проста ў небясьпецы. У нас кажуць пра каранавірус, а цяпер бітма набілі камэры людзьмі», — кажа Тацьцяна Бягляк (ФОТА).

Жыхарку Гомля Аляксандру затрымалі дома 10 жніўня. 9 жніўня яна была на плошчы Леніна.

«Прыйшлі назаўтра дахаты міліцыянты, затрымалі, завезьлі ў аддзел, потым у СІЗА. Там я сустрэла Алену Давыдаву. Яе схапілі 10 жніўня каля дому, толькі адзін крок зрабіла за весьніцы. Яе босую завезьлі ў ІЧУ. Лену так і не судзілі пакуль — яна сядзіць там босая і галодная два дні“, - апавяла Аляксандра. Яе самую пакаралі штрафам у 30 базавых.

Алена Давыдава — вядомая ў горадзе актывістка. Яна спрабавала зарэгістраваць сваю кандыдатуру на выбарах ад групы пратэсту Міколы Статкевіча. У яе трое непаўналетніх дзяцей.

У Ігара Галушкі затрымалі 26-гадовага сына Дзьмітрыя. Яго пакаралі арыштам тэрмінам на 15 содняў. Дзе хлопец адбывае пакараньне — тата другі дзень ня можа даведацца, нідзе ня кажуць.

«Гэты чалавек (Лукашэнка. — РС) будзе трымацца ўсімі сіламі. Жахлівае тое, што адпаведна прынцыпу крымінальнікаў ён сваіх халуёў хоча павязаць крывёй: падкупіць — і замазаць іх у крыві пратэстоўцаў. Моладзь проста стамілася ад гэтай безнадзейнай сытуацыі. Колькасьць праціўнікаў гэтай улады пасьля пратэстаў вельмі значна вырасьце», — лічыць Ігар.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG