Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрадэпутаты заклікаюць увесьці санкцыі супраць кіраўніцтва, «рэпрэсіўных структураў» і ЦВК Беларусі


Падчас пратэсту ў Менску 10 жніўня 2020 г.
Падчас пратэсту ў Менску 10 жніўня 2020 г.

23 дэпутаты Эўрапейскага парлямэнту падпісалі супольную заяву, выказаўшы «салідарнасьць зь беларускім народам і яго няспыннымі намаганьнямі здабыць сваё фундамэнтальнае грамадзянскае права на свабодныя і справядлівыя выбары».

У заяве гаворыцца: «У сувязі з уведзенымі беларускім рэжымам абмежаваньнямі і парушэньнямі фундамэнтальных свабодаў і правоў чалавека, а таксама з фальсыфікаванымі выбарчымі працэдурамі, мы не прызнаем прэзыдэнцкія выбары, праведзеныя 9 жніўня ў Беларусі, ані свабоднымі і справядлівымі, ані легітымнымі».

Дэпутаты асуджаюць гвалтоўныя дзеяньні з боку ўладаў супраць мірных дэманстрантаў. «Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць рэпрэсіі, неадкладна і без умоваў вызваліць усіх затрыманых і палітвязьняў, аднавіць доступ да інтэрнэту разам зь іншымі сродкамі камунікацыі для беларускіх грамадзян. Мы заклікаем беларускі рэжым уступіць у дыялёг з апазыцыйнымі партыямі і грамадзянскімі актывістамі, каб дасягнуць кансэнсусу па выніках галасаваньня 9 жніўня, апублікаваўшы сапраўдныя вынікі на кожным выбарчым участку.

Дзеяньні беларускага рэжыму злачынныя. Яны пярэчаць эўрапейскім каштоўнасьцям і прынцыпам дэмакратыі. Яшчэ важней, што яны супраць волі беларускага народу».

Дэпутаты заклікаюць кіраўніцтва ЭЗ перагледзець адносіны з уладамі Беларусі і больш кантактаваць з грамадзянскай супольнасьцю. «Мы заклікаем кіраўніцтва ЭЗ ужыць адрасныя санкцыі супраць усіх адказных за фальшаваньне выбараў, гвалт і рэпрэсіі. Гэтыя санкцыі павінны тычыцца ня толькі найвышэйшых урадоўцаў у Беларусі і іх сем’яў, але таксама чыноўнікаў сярэдняга ўзроўню з рэпрэсіўных структураў і Цэнтральнай выбарчай камісіі. У сьпісе ўведзеных санкцыяў павінна быць забарона на ўезд у ЭЗ і замарожваньне іх актываў у ЭЗ, і санкцыі павінны ўжывацца, пакуль у Беларусі не адбудуцца легітымныя, свабодныя і справядлівыя выбары».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG