Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трэці дзень у Беларусі амаль няма доступу да замежных сайтаў. Што вядома


© Shutterstock
© Shutterstock

Днём 11 жніўня ў Беларусі не аднавіўся наўпроставы доступ да большасьці замежных сайтаў і сэрвісаў, зьніклы ў дзень прэзыдэнцкіх выбараў. На момант публікацыі ў краіне бесьперабойна працуюць сайты дзяржаўных СМІ, а таксама асобных недзяржаўных, як то Tut.by і Onliner.by. З-за мяжы ж часта бываюць недасяжныя шматлікія беларускія сайты.

Шэраг сродкаў абыходу блякаваньня не працуе ў Беларусі, але некаторыя VPN-сэрвісы, а таксама proxy-сэрвэры для мэсэнджара Telegram, даюць доступ на замежныя сайты. У Telegram беларусы абменьваюцца адрасамі сэрвэраў на тэрыторыі краіны, на якіх разьмяшчаюць новыя сродкі абыходу блякаваньняў.

Найбольш чытаны партал Беларусі, Tut.by, стварыў два сайты-«люстэркі»: www.tutby.news для доступу з-за мяжы і празь VPN і news.tutby.online для Беларусі. Партал адзначае, што трафік на сайт істотна зьменшыўся, але часткова праходзіць, «пры тым з нашага боку абсталяваньне і праграмнае забесьпячэньне працуе спраўна». Форумы Talks.by заблякаваныя Апэратыўна-аналітычным цэнтрам, хоць ня значацца ў сьпісе абмежаванага доступу.

Другі папулярны партал, Onliner.by, перадае, што ў Беларусі «ўсё працуе так жа: практычна ніяк, толькі месцамі і праз мыліцы».

Дзяржаўная кампанія «Белтэлекам» раней заяўляла пра атакі нібыта з-за мяжы: «кібэратакі рознай ступені інтэнсіўнасьці на сайты дзяржаўных органаў і рэсурсаў „Белтэлекам“». Кампанія 10 жніўня абяцала прыкласьці «максымальныя намаганьні для аднаўленьня сытуацыі да канца дня».

Мабільныя апэратары і правайдэры A1 і МТС паведамлялі, што разглядаюць рашэньне аб кампэнсацыі абанэнтам адсутнасьці доступу ў інтэрнэт.

Дырэктар гостынг-кампаніі Hoster.by Сяргей Павалішаў расказаў Свабодзе, што кліенты кампаніі маюць цяжкасьці з доступам у інтэрнэт, але кампанія выпрацавала рэкамэндацыі, якія зьбіраюцца выслаць кліентам. Прычыны праблемаў могуць быць розныя: у адных недасяжнасьць можа быць зьвязаная з наплывам наведнікаў, у другіх — з выкарыстаньнем цяпер недасяжных замежных сэрвісаў кшталту Cloudflare, магчымыя і іншыя прычыны.

«Што тычыцца блякаваньня замежнага трафіку, безумоўна, у нас няма нейкай праверанай дакладнай інфармацыі, але з ускосных прыкметах можна казаць, што, відавочна, праблема з замежным трафікам маецца, — кажа Павалішаў. — Праз розныя VPN-сэрвісы, праз розны проксі-софт замежны трафік праходзіць, таму можна казаць, што ідзе нейкая выбарачная фільтрацыя».

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG