Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Білі 5-6 амапаўцаў», — аповед менчука зь лякарні


Пратэсты ў Менску, ноч на 10 жніўня, ілюстрацыйнае фота
Пратэсты ў Менску, ноч на 10 жніўня, ілюстрацыйнае фота

У лякарні хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску ляжыць пацярпелы Міхаіл зь Менску. Ён кажа Свабодзе, што ў ноч на 10 жніўня на акцыі пратэсту яго зьбілі супрацоўнікі АМАП.

«Не магу ляжаць на сьпіне, плячо выбітае, чэрапна-мазгавая траўма, на адным баку сіняк», — апісвае Міхал свой стан.

Апроч чэрапна-мазгавой траўмы, у яго сьляды ад дубінак на плячах, сінякі на плячах і баку. Шалом ад матацыкла раскалолі на дзьве часткі.

Міхал расказвае, што тым вечарам катаўся на матацыкле і прыпаркаваўся ў раёне праспэкту Пераможцаў. Ён застаўся сядзець на матацыкле, калі падбег АМАП са шчытамі і дручкамі. Амапаўцы, кажа ён, пачалі біць, а потым звалілі з матацыкла.

Ён памятае, што пакуль быў у прытомнасьці, яму нанесьлі 8-10 удараў, білі 5-6 амапаўцаў, а ён як мог укрываўся рукамі, ды ўрэшце страціў прытомнасьць.

Апрытомнеў, калі супрацоўнікі ДАІ адцягнулі ўбок. «Хуткай» чакалі 40 хвілін. Кажа, у гэты час яго ванітавала, кружылася галава.

«Хочацца перамен і справядлівасьці, бо ўжо гадоў 15 жывем у падмане, — кажа Міхал. — Міліцыянты неадэкватныя. Навошта супраць сваіх бяззбройных людзей ужываць гумовыя кулі і шумавыя гранаты?

Са мной у палаце яшчэ трое пацярпелых. У аднаго аскепкавыя раненьні ад гранаты, дзьве нагі і рука, рабілі апэрацыю. У другога трапілі 4 гумовыя кулі, а калі забралі ў аўтазак, то прайшліся яшчэ дручкамі».

Міхаіл кажа, што ёсьць і яшчэ шпіталізаваныя пацярпелыя ў іншых аддзяленьнях, ён у траўматалягічным. Кажа, што прыходзілі двойчы сьледчыя: «Толькі прадставіліся, сказалі: ну давай расказвай як было». Здымаць пабоі яму сказалі не ў лякарні, а ў іншым месцы.

«Мяне зьбілі ні за што, — кажа мужчына. — Я жыву ў свабоднай краіне і нічога дрэннага не раблю».

Колькі пацярпелых дэманстрантаў трапіла ў лякарню хуткай мэдычнай дапамогі ў ноч з 9 на 10 жніўня?

Галоўны ўрач бальніцы Андрэй Барысаў сказаў карэспандэнту Свабоды: «Я не ўпаўнаважаны даваць камэнтары, зьвярніцеся ў прэс-службу Мінздароўя. Усё».

Адзін зь лекараў лякарні хуткай мэдычнай дапамогі ў Менску ананімна расказаў карэспандэнту Свабоды, што адзін з пацярпелых з траўмай галавы ляжыць у рэанімацыі. Агулам стан стабільны ва ўсіх. Пацыентаў было многа.

Разьмеркаваньнем пацярпелых займаліся 14 дактароў. 10 жніўня паступаюць новыя траўмаваныя з РУУС. На аднаго наехаў аўтамабіль, як кажа пацярпелы, у другога дасталі ажно 7 куляў.

Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць

  • Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
  • 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
  • Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
  • ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
  • Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
  • 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
  • 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
  • 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
  • 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
  • Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG