Эўрадэпутат ад Літвы Андрус Кубілюс, старшыня Парлямэнцкай асамблеі Эўранэст, заявіў 10 жніўня, што пераможца прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі для яго «ясны»: «большасьць Беларусі прагаласавала супраць спадара Лукашэнкі і за спадарыню Ціханоўскую».
Гэты агульны вынік, паводле Кубілюса, пацьвярджаецца «афіцыйнымі вынікамі, абвешчанымі некалькімі выбарчымі камісіямі, якія вырашылі падлічыць галасы справядлівым і празрыстым спосабам».
«Фальсыфікаваныя лічбы, абвешчаныя лукашэнкаўскімі ўладамі, не адлюстроўваюць дэмакратычнай волі народу Беларусі. Выбарчы працэс, якім кіраваў рэжым Лукашэнкі, не адпавядаў мінімальным міжнародным стандартам», — адзначыў Кубілюс.
Паводле эўрадэпутата, Эўразьвяз павінен патрабаваць празрыстага перападліку галасоў або новых свабодных і сумленных выбары ды вызваленьня ўсіх палітвязьняў.
Кубілюс таксама лічыць, што ЭЗ павінен пачаць прымаць «абмежавальныя захады» ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі як пакараньне за рэпрэсіі да і пасьля 9 жніўня 2020 году, якія былі накіраваны супраць незалежных СМІ, журналістаў, грамадзкіх актывістаў і мірных удзельнікаў акцыяў пратэсту. «Гэтыя дзеяньні беларускіх уладаў нясуць наступствы ў адпаведнасьці зь міжнародным правам», — падкрэсьлівае эўрадэпутат зь Літвы.
«Мы бачым іншую беларускую нацыю, якая ўзьнікла ў працэсе прэзыдэнцкіх выбараў. Гэтая нацыя не баіцца агрэсіўнага і злачыннага рэжыму Лукашэнкі. Гэтая нацыя будзе абараняць свой голас і эўрапейскую будучыню Беларусі. Цяпер абавязак Эўропы — быць разам з (беларускім. — РС) народам, дапамагаючы яму пабудаваць будучыню заможнай Беларусі, якая паўстала супраць дыктатуры і рэпрэсій Лукашэнкі», — адзначае Кубілюс пад канец сваёй заявы.
Прэзыдэнцкія выбары — 2020 у Беларусі. Што важна ведаць
- Шостыя ў гісторыі сувэрэннай Беларусі выбары прэзыдэнта прызначаныя на нядзелю, 9 жніўня 2020 году.
- 65-гадовы Аляксандар Лукашэнка кіруе дзяржавай 25 гадоў. Ніводныя прэзыдэнцкія выбары (2001, 2006, 2010, 2015), апроч першых (1994 год), не прызналі свабоднымі і справядлівымі на міжнародным узроўні.
- Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына адхіліла прапановы праваабаронцаў аб дыстанцыйных прэзыдэнцкіх выбарах у час эпідэміі COVID-19, бо «часу для прыняцьця гэтых захадаў ужо няма». Лукашэнка ня бачыў падставаў пераносіць выбары праз пандэмію.
- ЦВК зарэгістраваў 15 ініцыятыўных груп з 55 заявак.
- Аўтару YouTube-канала «Страна для жизни» Сяргею Ціханоўскаму Цэнтральная выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы, бо ён адбываў 15 сутак арышту і ня мог асабіста падаць дакумэнты. Тады сваю ініцыятыўную групу ў ЦВК заявіла жонка блогера Сьвятлана Ціханоўская.
- 29 траўня на перадвыбарчым пікеце жонкі затрымалі Ціханоўскага і яшчэ 9 чалавек. Лукашэнка казаў пра акалічнасьці затрыманьня за 4 гадзіны да таго, як яно адбылося.
- 11 чэрвеня ў «Белгазпрамбанку» і шэрагу іншых кампаній прайшлі ператрусы. У Камітэце дзяржкантролю заявілі, што завялі крымінальныя справы аб легалізацыі сродкаў, атрыманых злачынным шляхам, і аб ухіленьні ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры. Старшыня КДК Іван Тэртэль сьцьвярджаў, што да гэтых спраў мае дачыненьне патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты Віктар Бабарыка. Роўна за 4 гадзіны да заявы Дзяржкантролю Аляксандар Лукашэнка расказаў пра акалічнасьці «справы „Белгазпрамбанку“».
- 18 чэрвеня Віктара Бабарыку і яго сына, кіраўніка ініцыятыўнай групы Эдуарда Бабарыку затрымалі.
- 14 ліпеня ЦВК зарэгістраваў кандыдатамі ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнку, Сьвятлану Ціханоўскую, Ганну Канапацкую, Андрэя Дзьмітрыева і Сяргея Чэрачня. Не зарэгістравалі Віктара Бабарыку і Валера Цапкалу.
- Ад пачатку выбарчай кампаніі праваабаронцы налічылі больш за 1300 затрыманых: удзельнікі «ланцугоў салідарнасьці», сябры ініцыятыўных груп, актывісты, палітыкі, блогеры, журналісты і проста мінакі на вуліцы. Сотні чалавек пакаралі адміністрацыйнымі арыштамі і аштрафавалі.